Russian Belarusian

Забалацце - значыць “за балотам”

 

Вёска Забалацце знаходзіцца ў Цялушскім сельскім Савеце, за 2 кіламетры ад чыгуначнай станцыі Цялуша на лініі Бабруйск - Жлобін і на шашы Бабруйск - Жлобін. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1639 годзе як засценак (мабыць, хутар) Бабруйскага староства Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. На 1727 год - вёска ў складзе маёнтка Глуск, памешчыцкая ўласнасць, пражывае 31 жыхар мужчынскага полу. У 1738 годзе ў вёсцы было 18 двароў, 152 жыхары, мелася царква. З 1793 года вёска Забалацце ў складзе Расіі, з 1795 - у Бабруйскім павеце Мінскай губерні. У 1798 годзе ўваходзіла ва ўладанне Радзівіла, у вёсцы налічвалася 76 жыхароў мужчынскага полу. У 1890 годзе была заснавана вінакурня. На пачатку 20-га стагоддзя - вёска Брожскай воласці Бабруйскага павета, дзе налічвалася 19 двароў, 126 жыхароў.

У 20-х гадах ХХ стагоддзя быў арганізаваны калгас “Перамога”. Пасля Вялікай Айчыннай вайны калгас аднавіўся, да яго былі прылучаны калгасы вёсак Плёсы, Сімгаравічы, і назва “Перамога” засталася з цэнтрам калгаса ў вёсцы Плёсы.

Узначаліў гаспадарку Сцяпан Бандарчук. Працавалі ў ім практычна толькі жанчыны, падлеткі і старыя. Арганізавана асушэнне балот. Зімой для патрэб дзяржавы жыхарамі калгаса ажыццяўлялася лесанарыхтоўка. У ёй прымалі ўдзел усе - ад малога да вялікага. Кожную дэкаду калгас накіроўваў на работы па 10 чалавек: яны дабіраліся да лясніцтва ў вёскі Брожа, Даманова, Скачок на конях. З дому з сабой бралі бульбу, бохан хлеба і крупу – іншых харчоў не было. Кватаравалі вяскоўцы па хатах, спалі зачастую на падлозе, на падасланай саломе.

У 1967 годзе да Забалацця далучаны вёскі Бераціна, Чырвоная Горка, пасёлак Рэпішча.

Забудова вёскі двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу.

На пачатак 1997 года ў Забалацці налічвалася 69 двароў, 138 жыхароў. У вёсцы працаваў магазін, ферма буйной рагатай жывёлы. Загадчыкамі фермы доўгі час быў Шкрадзюк Іван Мінавіч, пасля Бутоўскі Іван І., Лысікаў Аляксандр, Сіліч Раіса Уладзіміраўна, Сакун Любоў Сцяпанаўна. У полі паміж вёскамі Забалацце і Плёсы ў 2010 годзе быў пабудаваны жывёлагадоўчы комплекс, і ферма была расфарміравана ў 2012 г. годзе.

Зараз у вёсцы няма сацыяльна значымых аб’ектаў - абслугоўванне ажыццяўляецца праз аўтамагазін, пошта дастаўляецца мотадастаўкай.

За вёскай Плёсы працякала рачулка Беліца, правы прыток Алы (бярэ пачатак паміж вёскамі Іванаўка і Забалацце; зараз на ўсім працягу рэчышча каналізаванае).

 1

Цэнтральны канал, раней рака Беліца. Удалечыні віднеецца в.Забалацце

 

Вакол гэтай рачулкі былі балоты, дзе жыхары навакольных вёсак здабывалі торф на паліва. А вось за балотам быў узгорак, куды і сталі перасяляцца некаторыя жыхары. Так і ўзнікла вёска, а назва Забалацце служыла як арыенцір: паселішча за балотам. З другога боку вёскі таксама ёсць балота, дзе маюцца 2 копанкі і ў цяперашні час: адна называецца

Белая, таму што на дне яе белы глей, а другая - Чорная: там тарфяное дно. У гэтых копанках і зараз вядзецца рыба, летам служаць зонай адпачынку. На балоце ёсць яшчэ некалькі штучна вырытых копанак.

У вёсцы пражывае адзіны ў раёне Герой Сацыялістычнай Працы Сакун Аляксандра Рыгораўна. Як перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці, звання ўдастоена ў 1958 годзе за высокія надоі малака. Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1961 – 1966). Аляксандра Рыгораўна ўзнагароджана таксама медалём “За доблесную працу” і сярэбраным медалём ВДНГ СССР (1957).

 2

Сакун Аляксандра Рыгораўна

 

У 2019 годзе памёр апошні ветэран Вялікай Айчыннай вайны Чэрнік Сяргей Мікалаевіч

 

Бібліяграфія:

1. Гордость и слава Могилёвщины. Ч.2.- Могилёв: Могилёвский областной исполнительный комитет, 2005. - С.29.

2. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Бабруйскага раёна.- Мінск: БелЭН, 1998.