- Подробности
- Опубликовано: 10 Май 2017
У 1924 годзе адкрываецца ў рабочым пасёлку Глуша хата-чытальня. У чытальні працуе радыёпрыёмнік, прайгравальнік, размешчана кніжная шафа з літаратурай. Першымі чытачамі з'яўляюцца спецыялісты і працаўнікі шклазавода “Камінтэрн”.
У гады Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка і кнігі былі знішчаны. Пасля вызвалення раёна пачалося аднаўленне былых бібліятэк і адкрыццё новых. У 1947 годдзе ў пасёлку будуецца, на цэнтральнай сядзібе, новы драўляны аднапавярховы клуб. У ім адкрываецца Глушанская пасялковая бібліятэка, якая размяшчаецца ў правым крыле пабудовы. Камплектуецца фонд.
У 1975 годзе з 1657 жыхароў паселка, кнігі чытаюць 817 чытачоў, у тым ліку 298 чытачоў - дзеці.
У канцы 80-х гадоў пабудова клуба зносіцца і плануецца будаўніцтва новай установы культуры. Гэтым планам наканавана было расцягнуцца на доўгія 22 гады… Бібліятэка ж пераводзіцца на гэты час у памяшканне былой школы, побач з жылым фондам. У 1996-м годзе здараецца пажар, у час якога значныя пашкоджанні атрымліваюць як жылыя памяшканні, так і бібліятэка, і кніжны фонд. Для бібліятэкі пачынаецца перыяд бясконцых перамяшчэнняў. Спачатку гэта было памяшканне ў камбінаце бытавога абслугоўвання, потым – апорнага пункту міліцыі, кніжнага магазіна, дзіцячага садка. Паступова аднаўляецца кніжны фонд.
Нарэшце у 2006 годзе адкрываецца новы Дом культуры. Бібліятэка атрымала пастаянную прапіску ў прасторным пакоі на другім яго паверсе. Кніжны фонд бібліятэкі на гэты час складае 13217 экзэмпляраў выданняў, абслугоўваецца 850 чытачоў. Сярод іх рабочыя, служачыя, вучні школы, пенсіянеры і іншыя. Дзейнасць бібліятэкі накіравана на прапаганду кнігі праз выставы, бібліятэчныя ўрокі, агляды, праводзяцца разнастайныя масавыя мерапрыемствы.
Гісторыя развіцця бібліятэчнай справы ў пасёлку не з’явілася сама па сабе. Яе стваралі і ствараюць сваёй руплівай, самаадданай працай не адно пакаленне ўлюблёных у сваю прафесію бібліятэкараў.
Доўгі час (з 1981 па 1991 гады) тут працуе Пеўзнер Антаніна Іванаўна.
Пеўзнер Антаніна Іванаўна
Адукаваная, з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, Антаніна Іванаўна шмат зрабіла для распаўсюджвання сярод пасялкоўцаў цікавасці да кнігі і чытання. Гэтаму садзейнічаў таксама і добры кніжны фонд бібліятэкі, які на той час быў лепшым у раёне і налічваў больш за 20-ць тысяч экзэмпляраў выданняў. Бібліятэкай у гэты перыяд карысталіся ўжо 1450 чалавек, а кнігавыдача складала 27 тысяч выданняў. Дзякуючы намаганням Антаніны Іванаўны, бібліятэка неаднаразова была пераможцай у сацыялістычным спаборніцтве, узнагароджвалася ганаровымі граматамі і вымпеламі. Пазней Антаніна Іванаўна працавала ў гарадской бібліятэцы №4 г.Бабруйска, з’яўлялася старшынёй первічнай ветэранскай арганізацыі і адной са стваральніц клуба ветэранаў “Сустрэчы для душы”. Яе імя ўнесена ў міжнародную энцыклапедыю “Кто есть кто в Республике Беларусь. Люди дела” (Мн.: Энциклопедикс, 2013- С.184).
У верасні 1991 года, пасля выхаду на пенсію Пеўзнер А.І., Глушанскую пасялковую бібліятэку ўзначальвае Гаўрыльчык Таццяна Кузьмінічна, якая перайшла сюды з Багушоўскай сельскай бібліятэкі.
Гаўрыльчык Таццяна Кузьмінічна
Чулы і добразычлівы чалавек Таццяна Кузьмінічна стварае ў бібліятэцы ўтульную і спрыяльную атмасферу, знаходзіць свой падыход да кожнага наведвальніка бібліятэкі. Цэняць чытачы і яе прафесійныя якасці: веданне літаратуры, уменне знайсці адказ на любое, нават самае складанае, пытанне, прапанаваць кожнаму карыстальніку менавіта “яго” кнігу, тую, якая будзе яму цікавай.
Поплеч з Таццянай Кузьмінічнай працуе Вячорка Людміла Васільеўна.
Вячорка Людміла Васільеўна
Бібліятэкары, самі людзі творчыя, адораныя разам з дырэктарам цэнтар рамёстваў Чэкулаевай А. стварылі пры бібліятэцы клуб “Гасцёўня беларускай мінуўшчыны”, які аб’яднаў людей старэйшага ўзросту. На пасяджэннях клуба, ў асноўным, абмяркоўваліся тэмы беларускай гісторыі, літаратуры, этнаграфіі. Асаблівая ўвага надавалася людзям, якія жывуць у пасёлку, іх справам і поспехам. Немалая заслуга ў тым, што творчасць такіх самабытных глушанскіх паэтэс як Я. Ліпень, М. Белавушка, Г. Сійль стала вядома жыхарам раёна і не толькі належыць “Гасцёўні…”.
У бібліятэцы ствараецца этнаграфічны куток.
Шмат цікавых мерапрыемстваў праводзіцца ў гэты час у бібліятэцы.
Гаўрыльчык Т.К. прадстаўляе куток Алеся Адамовіча
Гаўрыльчык Т.К. чытае свой верш
Моманты літаратурна-музычнай кампазіцыі “Каханню ўсе ўзросты падуладныя”
У 2004 годзе Гаўрыльчык Т.К. была ўзнагароджана граматай аддзела культуры Бабруйскага райвыканкама ў намінацыі “Захавальнік народных традыцый”.
Працуючы з юнымі наведвальнікамі бібліятэкі, бібліятэкары таксама імкнуліся да развіцця іх творчых здольнасцей. Аб гэтым сведчыць тое, што юныя таленты Глушанскай бібліятэкі неаднаразова былі адзначаны ў ліку пераможцаў раённых аглядаў-конкурсаў: “Няхай мір будзе ў свеце паўсюль і заўжды”, “Я.Купала і Я.Колас і іх творчасць вачыма дзяцей 21-га стагоддзя”, “Лёс прыроды – наш лёс” і інш.
Доўгі час бібліятэка была базавай па папулярызацыі беларускай літаратуры і краязнаўству.
Паказальнае мерапрыемства “Рук залатых зямныя цуды”
Не аднойчы дзейнасць Глушанскай пасялковай бібліятэкі, яе праблемы і дасягненні асвятляліся ў раённай прэсе.
У 2010 годзе на змену Гаўрыльчык Т.К. працаваць у бібліятэку прыходзіць Цішкевіч Г.Б.
Цішкевіч Ганна Балеславаўна
Па адукацыі педагог, яна хутка асвоіла азы бібліятэчнай прафесіі. А каб ісці ў нагу з часам і пашырыць свае веды ў галіне бібліятэчнай справы, паступае на завочнае аддзяленне Магілёўскага бібліятэчнага каледжа імя А.С.Пушкіна і паспяхова яго заканчвае.
У гэты час бібліятэка аснашчаецца кампьютэрнай і размнажальнай тэхнікай, на базе бібліятэкі ствараецца Публічны цэнтр правовой інфармацыі. Усё гэта пашырае магчымасці бібліятэкі ў абслугоўванні карыстальнікаў, а таксама патрабуе ад бібліятэкара валодання новымі тэхналогіямі і выкарыстанне новых форм і метадаў у рабоце з чытачамі. Ганна Балеславаўна паспяхова спраўляецца з гэтымі задачамі і ўжо ў 2014 годзе па выніках раённага спаборніцтва за 2013 сярод работнікаў вядучых прафесій яна прызнана лепшай па прафесіі.
Адказнасць, добрасумленнасць, адказны падыход да справы дапамагаюць бібліятэкару не толькі ў рабоце з наведвальнікамі, але і ў стварэнні партнёрскіх адносін з іншымі ўстановамі і арганізацымі. Гэта адлюстроўваецца на якасці праводзімых бібліятэкай мерапрыемстваў. Бібліятэкар сама з’яўляецца актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці мясцовага Дома культуры.
У бібліятэцы па-ранейшаму шмат увагі надаецца краязнаўчай рабоце, адраджэнню традыцый вясковых святаў. На пасяджэннях “Гасцёўні” частымі гасцямі сталі народныя ўмельцы.
На сённяшні дзень бібліятэка абслугоўвае больш за 750 карыстальнікаў розных узростаў і катэгорый, дакументавыдача складае больш за 14 тысяч адзінак.
Бібліятэка аснашчана кампьютэрам, прынтарам, капіравальнай тэхнікай. На базе бібліятэкі дзейнічае ПЦПІ.
Зона абслугоўвання: п.Глуша, в. Масты, в. Рымоўцы, в. Глуша, в. Дворышча, в. Пасека, в. Дачнае.
Усю сваю работу Глушанская сельская бібліятэка праводзіць сумесна з Глушанскім УПК, ДУА «Глушанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Бабруйскага района», школай мастацтваў, Цэнтрам арганізацыі вольнага часу людзей з абмежаванымі магчымасцямі, мясцовым Саветам народных дэпутатаў і сельскім домам культуры.
- Подробности
- Просмотров: 4559