- Подробности
- Опубликовано: 20 Сентябрь 2019
Лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2019 г.
Намінацыя «Лепшы твор паэзіі»
Маляўка Мікалай Аляксандравіч нарадзіўся 13 снежня 1941 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1965). Настаўнічаў у вясковых школах. Працаваў на рэспубліканскім радыё і тэлебачанні, у часопісе «Вясёлка».
Аўтар паэтычных зборнікаў «Едуць маразы» (1966), «Лотаць» (1973), «Эстакада» (1982), «Аднавяскоўцы» (1988), «Зімні дождж» (1991), «Ручнічок на крыжы» (1995), «Покуць» (2001), «Сядзіба, або Хата з матчынай душой» (2002), «Старая зямля» (2005), «Ой, бярозы і сосны…» (2006) і інш. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1992), прэміі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1997), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Мастацкая літаратура» (2002).
Маляўка, М. А. Сланечнік : вершы, санеты, балады, паэма, прытчы, байкі / Мікола Маляўка. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2018. – 390, [2] с. – (Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі).
Падзеі ў кнізе Міколы Маляўкі «Сланечнік» так ці іначай звязаны з лёсам лірычнага героя. Дух жывіць еднасць з продкамі, любоў да сучаснікаў натхняе. Родная зямля над Нёманам — крыніца творчых задум паэта. Роздум над пражытым і перажытым — сам-насам з сумленнем — хвалюе, радуе і засмучае: не ўсе задумы і мары, акрыленыя небам, збыліся на зямлі. Жыццё выпрабоўвала на трываласць і ў дзяцінстве, і ў юнацтве, і ў сталыя гады. Трывожныя думкі і цяпер, у новым веку, захмарваюць блакіт, адпрэчваюць сон: хапае праблемных пытанняў у розных праявах дома, на радзіме, неспакойна ў свеце — ідуць «малыя войны з вялікаю крывёй». Лёс аднаго чалавека — у лёсе краіны. Паэтычны вобраз сланечніка, узнятага над бытам, асвячае старонкі кнігі — шчырай споведзі аўтара перад Богам і людзьмі, перад будучыняй.
Намінацыя «Лепшы твор прозы»
Ждан Алег (сапраўднае імя - Пушкін Алег Аляксеевіч) – празаік, Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, піша на рускай мове.
Нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. Жыў і вучыўся ў г.Мсціслаўлі. Скончыўшы дзесяцігодку ў 1955 годзе, паступіў на гісторыка-геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута. Пасля яго заканчэння працаваў слесарам, інжынерам-дыспетчарам на будаўніцтве Карагандзінскага металургічнага камбіната з 1960 года па 1961, затым на Брацкім лесапрамысловым комплексе з 1961 па 1963. Там пачаў пісаць апавяданні. Першае з іх “Санька, Туся і брыгадзір” было апублікавана ў 1963 годзе ў штотыднёвіку “Литературная Россия”. З 1963 года жыве ў Мінску. Працаваў на Мінскім трактарным заводзе з 1963 па 1972, затым два гады старшым рэдактарам Беларускага тэлебачання, з 1973 года па 1976 быў рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм”. Завочна скончыў Літаратурны інстытут імя М.Горкага ў 1969 годзе, а таксама сцэнарнае аддзяленне Вышэйшых двухгадовых курсаў сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. Першая кніга прозы Алега Ждана “У час развітання” выйшла ў 1975. Выдадзены кнігі прозы: “У гасцях і дома”, “Знаёмы”, Рысы і абліччы” і інш.
Ждан, О. А. Гений : повести, рассказы / Олег Ждан. – Минск : Мастацкая літаратура, 2018. –300, [2] с.
У новай кнізе беларускага пісьменніка Алега Ждана шмат гумару і шмат смутку, як і ў нашай няпростым жыцці. Дзеянне аповесцей і апавяданняў адбываецца ў Беларусі, Польшчы, Расіі, у вялікіх і малых гарадах. Падзеі, аб якіх апавядае аўтар, пачуцці, якія перажываюць героі, знаёмыя многім з нас, а пэўная фраза «смех праз слязы» — аб душэўным стане многіх персанажаў кнігі.
Намінацыя «Лепшы твор публіцыстыкі»
Хурсік Віктар Уладзіміравіч (г.н. 1953) закончыў Мінскі палітэхнічны тэхнікум (1972), завочна Беларускі палітэхнічны інстытут (1982). З 1980 года рэгулярна друкаваўся ў беларускай прэсе, у 1991–2009 – супрацоўнік газеты “Звязда”. З 2009 года прыватны выдавец. Асноўны накірунак выдавецкай дзейнасці – краязнаўчая літаратура. Творчую скарбонку аўтара складаюць шматлікія краязнаўчыя і біяграфічныя артыкулы, якія друкаваліся ў рэспубліканскай прэсе “СБ. Беларусь сегодня”, “Звязда”, “Рэспубліка”, “ЛіМ”, часопісах “Маладосць”, “Беларускі гістарычны часопіс” і інш. Пяру аўтара належаць кніжкі: “Белы лебедзь у промнях славы. Магдаліна радзівіл” (2001), “Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863–1864 гг.” (2002), “Vale!” Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл” (2018).
Хурсік, В. Vale! Кніга пра род і лёс Магдалены Іванаўны Радзівіл / Віктар Хурсік. – Мінск : В. Хурсік, 2018. – 286 с.
Кніга ўпершыню ўвабрала ў сябе найбольш поўныя звесткі пра радавод вялікай грамадскай дзяячкі і мецэнаткі беларускага адраджэння пачатку ХХ ст. Магдалены Іванаўны Радзівіл. Генеалогія роду Завішаў, да якога належала Магдалена Радзівіл, — гэта лепшае сведчанне старажытнасці беларускай нацыянальнасці — этнасу, што спрадвечна жыў на акрэсленай тэрыторыі, меў сваю мову, культуру, а на пэўным этапе развіцця і дзяржаўнасць. Асоба самой мецэнаткі пададзена на падставе шматлікіх дакументаў, якія аўтар адшукаў у архівах Беларусі, Расіі, Літвы і Польшчы. Асабліва пераканаўча вобраз незвычайнай жанчыны паўстае цераз яе асабістыя ўспаміны, якія яна пакінула ў 1917 г., а таксама цераз шматлікія тагачасныя публікацыі ў прэсе і ўспаміны палітыкаў. Большасць дакументаў твора перакладзена з польскай, французскай і нямецкай моў. Пры напісанні кнігі выкарыстаны больш як 300 крыніц.
Намінацыя «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства»
Святлана Уладзіміраўна Калядка ( г.н. 31 мая 1971) - беларуская літаратуразнаўца. Сфера навуковых інтарэсаў – тэарэтычная паэтыка, гісторыя літаратуры, гендарныя даследаванні, літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі, тэксталогія, творчасць класікаў Максіма Танка, Яўгеніі Янішчыц, а таксама сучасных аўтараў.
Калядка, С. У. Літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі / С. У. Калядка. – Мінск : Беларуская навука, 2018. – 350 с.
У манаграфіі тэарэтычна асэнсоўваецца і канцэптуалізуецца роля эмоцыі ў паэтычным творы. Распрацоўваецца метадалагічны інструментарый даследавання эматыўнасці на прыкладах твораў Максіма Танка і Яўгеніі Янішчыц. Эматыўнасць паэтычнага твора асэнсоўваецца ў некалькіх аспектах: апісваецца фенаменалогія эмоцый у суадносінах псіхічных працэсаў; разглядаецца эмацыянальнасць і эматыўнасць як аб’ект і спосаб адлюстравання; даследуюцца эмацыянальны канцэпт, канцэптасфера, карціна свету як ментальныя сутнасці творчага працэсу; вывучаецца эмацыянальная сфера аўтара і эматыўныя тыпы творчай асобы; распрацоўваецца мадэль чытацкіх эмацыянальных рэакцый на твор; аналізуюцца механізмы рэпрэзентацыі эматыўнасці на розных узроўнях арганізацыі паэтычнага тэксту (стыль, жанр, кампазіцыя, сюжэт, сінтаксіс і інш.).
Намінацыя «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва»
Ягоўдзік Уладзімір (таксама Ягаўдзік Уладзімір), нарадзіўся 14.02.1956 г. у вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1978 г. скончыў філалагічны факультэт БДУ. У 1978-1982 гг. працаваў карэспандэнтам Берасцейскай абласной газеты «Заря», рэдактарам Берасцейскай абласной студыі тэлебачання. З 1982 г. жыве ў Менску. У 1982-1990 гг. - супрацоўнік штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 1990 г. - рэдактар газеты «Дзеці і мы».
У 2008 годзе пісьменнік заснаваў серыю “Скарбы Радзімы” Кожная кніжка, прысвечана аднаму скарбу - беларускай зіме, вясне, лету і восені, нацыянальным паркам і запаведнікам, звярам, птушкам, матылькам, кветкам, азёрам і рэкам. А ў 1995 года Уладзімір Ягоўдзік засноўвае свой уласны дзіцячы экалагічны часопіс для сям’і і школы “Лесавік”. Яму ўдалося выдаць звыш 80 нумароў. Гэта быў унікальны часопіс сяброў прыроды. Наогул, Уладзімір Ягоўдзік – прыродазнаўца.
Ягоўдзік, У. I. Кветкі дзівасілу : апавяданнi, аповесці, казкi / Уладзімір Ягоўдзік. – Мінск: Беларусь, 2018. – 398, [1] с. – (Скарбы Радзімы).
У кнігу з гэтай серыі «Кветкі дзівасілу» ўвайшлі творы пра прыроду роднага краю, пра птушак і жывёл, якія насяляюць нашы лясы. Аўтар знаёміць таксама юных чытачоў з мінулым Беларусі, са значнымі гістарычнымі падзеямі і славутымі асобамі.
Намінацыя «Лепшы дэбют»
Умец Станіслава (г.н. 1991) навучалася ў СШ № 14 г. Брэста, у класе журналістыкі і гісторыі Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. Скончыла Інстытут журналістыкі БДУ па спецыяльнасці “Літаратурнае рэдагаванне”, магістратуру БДУ. Павышала кваліфікацыю ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
З 2012 – рэдактар у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Адначасова выкладае дысцыпліны “Сучасныя методыкі і практыкі рэдагавання” і “Трэвэл-медыятэкст” у Інстытуце журналістыкі БДУ. Апавяданні і вершы надрукаваны ў зборніках выдавецтва “Мастацкая літаратура”, часопісе “Нёман”, газетах “Народная трыбуна”, “ЛіМ”, “Звязда”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 2018 годзе узнагароджана Дыпломам пераможца літаратурнага конкурса “Першацвет” у намінацыі “Проза”.
Умец, С. В. Сэрца Сакры : раман-фэнтэзі, апавяданні / Станіслава Умец. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 221, [2] с. – (Час 21).
Доўгі час зямляне не траплялі на чарадзейную планету талентаў — Сакру. І трэба ж было такому здарыцца, што якраз падчас абрання новай правіцелькі ў магічным свеце апынулася дзевяцікласніца Кася Заранка. Каб яна толькі ведала, якім небяспечным стане ўдзел у конкурсе! Яшчэ ўчора дзяўчынка бесклапотна гуляла з сябрамі і строіла планы, як закахаць у сябе самага прыгожага хлопца ў школе, а цяпер мусіла ўцякаць ад пераследнікаў і думаць, як абараніць ад злодзеяў сябе і сваю сям’ю. Ці хопіць у Касі моцы і адвагі, каб пераадолець усе цяжкасці, што сустрэнуцца на шляху, і стаць Паннай Сакры?
- Подробности
- Просмотров: 5036