- Подробности
- Опубликовано: 26 Октябрь 2022
Кажуць, што слова «маці» зразумелае на ўсіх мовах свету... Недарэмна мы называем беларускую «матчынай мовай» — маючы на ўвазе, што яна самая родная… На жаль, сённяшнія маці, асабліва гарадскія, не заўсёды спяваюць сваім дзецям беларускія калыханкі... Але слынныя нашы літаратары, чыім стылем мы захапляемся, зазвычай свой моўны скарб назапашвалі менавіта ў сям'і. І, карыстаючыся ім, стваралі вобраз маці — адзін з самых яркіх у нашай літаратуры… Давайце згадаем некаторыя з гэтых вобразаў.
Тая, што спявае калыханкі
Янка Купала дакладна чуў беларускія калыханкі ад сваёй маці, Бянігны Іванаўны, лежачы ў калысцы ў Вязынцы. Маці спявала вельмі прыгожа, за што нав еёсцы яе гназывали «Бянігна-пявуння”, ведала шмат легенд і казак. А ў п'есе «Паўлінка» выкарыстаны рэальны факт з яе жыцця: маці Бянігны, або, як звалі ў сям'і, Боні, была супраць, каб дачка выходзіла замуж за беднага арандатара Дамініка Луцэвіча. І тады, са слоў пляменніцы Купалы, «аднаго разу палеглі ўсе спаць, а Боня сабрала свае сукенкі, яшчэ нешта сваё і праз акно выскачыла ў сад. Там яе ўжо Луцэвіч чакаў...».
Маці Купалы была прыгожай, ураўнаважанай, маўклівай, Купала, па водгуках, быў вельмі падобны да яе і знешне, і па характары. Бянігна Луцэвіч мела яшчэ адно імя – Багуміла. Яна і сапараўды была мілая небу і людзям, а найперш свайму любімаму Дамініку,з якім у іх нарадзілася 8 дзяцей: Мікалай, Янка, Казімір, Сабіна, Гелена, Ганна, Марыя, Леакадзія. Яна дачакалася ўнукаў і праўнукаў, бо пражыла 85 гадоў.
Янка Купала вельмі любіў і шанаваў сваю маці. Апошнія амаль два дзесяткі гадоў яна жыла ў яго сям’і ў Мінску. Ёй паэт прысвяціў шэраг вершаў.
Ты гадуй сынка, матуля,
У пялёнкі спавівай,
Калышы, пей люлі-люлі,
Пей паціху баю-бай!
Над калыскай з бегам ночак
Песні роднай не жалей,
Каб, як вырасце сыночак,
Верным вечна ён быў ей.
Як навучыцца хадзіці,
Маткі мову разумець,
Ты вучы яго любіці,
Ўсё сваё ў пашане мець.
Бай яму даўнейшы казкі,
Аб бацьках сваёй зямлі,
Як жылі без чужой ласкі,
Як слугамі не былі.
Верш напісаны ў 1918 годзе, калі надзвычай важным было пытанне беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай самасвядомасці. Не страціў верш актуальнасці і дасюль.
Бянігна Іванаўна загінула ў 1942-м у акупаваным Мінску, праз два дні пасля гібелі свайго сына ў лесвічным пралёце маскоўскага гатэля. На Вайсковых могілках у Мінску на помніку Бянігне Луцэвіч выбіты радок з верша яе сына: «Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці...»
Тая, што заўсёды сустракае
Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль.
І гэты свет
Сагрэлі нам матулі...
Рыгор Іванавіч Барадулін – паэт шматгранны і нават у нейкай ступені непрадказальны ў сваёй творчасці. Але разам з тым ёсць тэмы, якія заўсёды прысутнічаюць у шматмерным полі яго паэтычнай фантазіi.Гэта тэма Бацькаўшчыны, роднага краю і любоў да маці.Рыгор Барадулін рос без бацькі, і вобраз маці займае ў яго творчасці асаблівае месца. Маці ўвасабляе для яго ўвесь сусвет. Верш «Веды» – своеасаблівы гімн мацярынскай мужнасці, стойкасці, цярплівасці і мудрасці:
Малапісьменная
Паводле дадзеных глухіх анкет,
Мама смела ведала свет.
Дзіўлюся рознабаковасці ведаў
Маці –
Ведала, што для чаго
На небе,
У лузе,
У хаце...
У творах адлюстраваліся многія аўтабіяграфічныя моманты з жыцця самога аўтара і яго маці, якая, рана застаўшыся ўдавой, павінна была ведаць «усе навукі» на свеце, каб выжыць і выгадаваць сына. Але разам з тым Барадулін стварае абагульнены, тыповы партрэт беларускай жанчыны — маці, без спрадвечнай мудрасці якой усе мы былі б «непісьменныя самыя», без якой немагчымае было б існаванне самой нацыі.
Для паэта маці – увасабленне дабра і справядлівасці, спагады і жалю, чалавечай шчодрасці і самаахвярнасці. І невыпадкова адна з кніг Рыгора Барадуліна носіць назву «Евангелле ад мамы». Яна асвечана дабравесцем, благаславеннем, бо маці – пачатак жыцця, ідэал працавітасці, сумлення і дабрыні, зберагальніца маральных каштоўнасцей, выпрацаваных чалавецтвам на працягу вякоў. З радкоў вершаў «Куліна», «Матчына хата», «Матчыны рукі», «Веды», «Вогнепаклонніца» паўстае вобраз маці паэта Куліны Андрэеўны. Гэта звычайная вясковая жанчына, якую не песціў лёс, яна не дачакалася з вайны мужа, адна гадавала сына, перажыла пасляваенныя цяжкасці.
У творах паэта рэальны, чалавечы вобраз маці паступова перарастае ў адзіны суладны вобраз Радзімы:
Мамы не стала – не стала Радзімы,
Дзе нарадзіўся старэць.
І падалася душа ў пілігрымы
З мараю маму сустрэць.
Адну са сваіх кніг Рыгор Барадулін падпісаў так: «Маёй зязюльцы шэрай, маёй любай маме — ад сына Грышы». Мала ў каго з паэтаў была такая духоўная лучнасць з маці, як у Рыгора Барадуліна — з Кулінай Андрэеўнай Барадулінай. Ён запісваў ад яе песні і выслоўі, адну са сваіх кніг назваў — «Евангелле ад мамы». У прадмове да сваёй кнігі «Вушацкі словазбор» пісаў: «Мама перадала мне найвялікшы дар — мову нашую крывіцкую з вушацкай падсветкай, з вушацкім прысмакам.
"І мала жыцьця,
Каб адзьдзячыць маме"
Фота са зборніка вершаў «Ксты»
Тая, што ўсё прабачае
Упершыню большасць беларусаў знаёміцца з творамі Змітрака БЯДУЛІ ў сёмым класе. “На Каляды к сыну”, “Пяць лыжак заціркі”, “Салавей“ — гэтыя апавяданні ўключаны ў школьную праграму нездарма. Яны вельмі дакладна характарызуюць постаць пісьменніка, яго трапнае, але далікатнае слова, якое прымушае задумацца над чалавечай існасцю. За гэтую рысу крытыкі ахрысцілі Змітрака Бядулю “беларускім салаўём”, а яго лірычныя абразкі і аповесці ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай літаратуры.
Карані пісьменніка вядуць на Лагойшчыну, у невялічкую вёсачку Пасадзец.Бацька будучага класіка Яфім быў першакласным кавалём, а маці Хана — каптурніцай, швачкай, якая спецыялізавалася на галаўных уборах. Дакументальных крыніц пра жыццёвы шлях маці Змітрака Бядулі захавалася няшмат, але іх недахоп у значнай ступені кампенсуецца сапраўды яскравым і кранальным вобразам матулі, які стварыў у аўтабіяграфічнай аповесці “У дрымучых лясах” (1939) сам творца. Маці, як і ўсе іншыя сваякі апавядальніка, паўстае тут жывою асобаю, з яе паўсядзённымі клопатамі, памкненнямі, думкамі пра дабрабыт небагатай сям’і. Твор грунтуецца на ўспамінах маленства пісьменніка, які здолеў амаль праз паўстагоддзя занатаваць свае дзіцячыя ўражанні, перадаўшы ўсю шчырасць і непасрэднасць, уласцівую дзіцячаму светаўспрыманню.
Хана Плаўнік, 1935 г.
Удзень маці была занята дзецьмі і гаспадаркай. Уночы яна шыла. Швейнай машыны яна яшчэ не мела. З захапленнем і ўсімі падрабязнасцямі пісьменнік распавядае пра матчыну працу: “Аснову для каптуроў маці рабіла з простага палатна, верх – з разнастайных паркалёвых ласкуткоў. Аблямоўвала каптуры шоўкавымі істужкамі. Зверху аздабляла каптуры дарожкамі з карунак. Карункі тырчэлі рубам, і каптуры нагадвалі дзівосныя кветкі – ці то павялічаныя рачныя лілеі, ці то агромністыя адуванчыкі. Для колераў і ўзораў фантазія каптурніцы мела прастор і разгон. На першы выгляд каптуры нібы рабіліся на адзін фасон. Але калі я добра прыглядаўся, дык не знаходзіў і двух аднолькавых. Кожны адрозніваўся чым-небудзь ад другога”.Сваю працу каптурніца выконвала ўручную, без швейнай машыны і нават без люстэрка, прымяраючы каптуры на галаве маленькага Самуіла. З цягам часу хлопчыку абрыдла выконваць абавязак манекена, тым болей, што суседскія дзеці задражнілі яго “каптурнай галавой”. І тады Самуіл “…са злосці ўкраў пяток каптуроў, убіў перад матчыным акном на гародзе некалькі кійкоў і павесіў на іх каптуры на ўсю ноч. Раніцой я разбудзіў матку і сказаў ёй:
– Глядзі ў акно, каптуры выраслі на гародзе!
Маці ахнула. Кінулася мяне біць.
– Гэта ж украсці маглі ўночы! – сварылася яна” [1, 252 – 253].
Потым, аднак, Самуіл знайшоў выйсце з непрыемнага становішча, замовіўшы сталяру Янку ад імя маці балванок для прымеркі каптуроў…”
У Змітрака Бядулі шмат цудоўных аповедаў, прысвечаных маці, напрыклад, ён апісвае рэальны выпадак, як маці несла яго, хворага, да доктара на руках праз зімовы лес. Ці аповед пра жанчыну з мястэчка, якая, каб здабыць грошы на ежу для дзяцей, пагадзілася на здзеклівае выпрабаванне — прайсці па распаленых цаглінах.
Але адно з самых кранальных апавяданняў — «На каляды к сыну». Старая Тэкля, бедная ўдава, жыве толькі радасцю з таго, што любы сын Лаўручок выбіўся ў людзі, недзе ў горадзе стаў адвакатам: «Во хто сядзіць у яе грудзях, як верабей у цёплым гняздзе». Калі Тэкля зусім састарэла і занядужала, вырашыла ўсё ж выправіцца ў горад да свайго Лаўручка... Знайшла неяк ягоны дом, назвалася лёкаям...
«— Лаўручок мой! Сынок! — як непрытомная, кінулася да яго Тэкля...
— Роднен...
Ён раптам пачырванеў, паглядзеў на слуг ды хрыпла крыкнуў:
— Чаму вы пускаеце ў пакой розных жабрачак шалёных?!
— Ідзі! ідзі! — звярнуўся ён да яе глуха, адрывіста,— ідзі, старушка! Я цябе... не знаю...
— А сынок мой, а Лаўручок ты мой! Маткі сваёй не пазнаеш?! Гэта ж...
Ён бразнуў дзвярамі і пайшоў у пакоі...
Той самы лёкай выправадзіў яе за дзверы...»
Вось і вынік таго, калі не прытрымліваюцца маці купалавай парады, не гадуюць дзяцей у любові і павазе да сваёй культуры, да ўласнага роду... Добра, што гэта апавяданне ўваходзіць у школьную праграму — сумленне трэба выхоўваць з дзяцінства.
Тая, што натхняе на змаганне
Вельмі пяшчотныя адносіны з маці былі ва Уладзіміра Караткевіча. Марыя Васільеўна скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве, і калі Караткевічу трэба было працытаваць у раманах штось на французскай мове, звяртаўся да яе. Менавіта знойдзены ў матчыным радаводзе сваяк, Тамаш Грыневіч, паўстанец 1863-га, расстраляны ў Рагачове, натхніў Караткевіча шмат на якія сюжэты...
Маці была для Караткевіча ўзорам жанчыны, адно са сваіх першых апавяданняў, «Багун», прысвяціў ёй. А першы зборнік назваў «Матчына душа». Калі маці была старэнькай, забраў яе ў Мінск. Адам Глобус, чыя сям'я жыла з сям'ёй Караткевічаў у адным пад'ездзе, успамінаў, як Караткевіч на кожнай лесвічнай пляцоўцы прымацаваў крэсла, каб маці магла адпачываць, спускаючыся ці падымаючыся. У п'есе «Маці ўрагану» гераіня адметная... Агна Вецер, удава, хоча падбухторыць сына на помсту за абражаны гонар сям'і. Але сын, які толькі што з'яднаўся з любай дзяўчынай, не знаходзіць у сабе сіл рызыкаваць жыццём. Агна — самы нязломны персанаж п'есы, рухавік Крывіцкага паўстання: «Агна. Мы — панцырныя баяры. Мы храбрасцю ў войнах здабылі сабе права нікому не цалаваць рукі і насіць меч...». І ў фінале, пасля таго, як паўстанне разбітае, апошнімі гучаць словы да Агны Вецер:«Голас. Маці. Пачуй нас. Не чуеш? Маці ветру. Маці ўрагану! Чорта яны нас узялі! Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас!Заслона». Трэба дадаць, што Уладзімір Караткевіч памёр у дзень нараджэння сваёй маці.
Тая, што спявае песні
Аркадзь Куляшоў, вундэркінд, які ў шаснаццаць гадоў ужо меў паэтычны зборнік, вырас у сям'і настаўнікаў. Маці, Кацярына Ратабыльская, была беларускай, а вось бацька з італьянскімі каранямі — яго продкам быў італьянец-арганіст. У доме гучала шмат музыкі, меўся патэфон... Паэт пазней успамінаў: «Maя маці не спявала толькі тады, калі вяла ўрокі ў школе».
Зразумела, першыя паэтычныя спробы Аркадзя былі падтрыманы дома... Хаця выхоўваць будучага паэта было няпроста. Дачка Аркадзя Куляшова Валянціна згадвала, што калі таму было чатыры гады, ён, каб адпомсціць даросламу суседу, падпаліў яго хату. Пачаўся пажар, у якім згарэла ледзь не палова вёскі. Можаце ўявіць, што перажыла тады Кацярына Куляшова?
У паэта шмат вершаў, якія ўспяваюць маці... Часта можна пачуць баладу пра гераіню, якая ператварылася ў камень, каб сын мог вярнуцца з вайны дадому. А вось гэты верш, напісаны ў 1963-м, хоць і з грамадзянскім гучаннем, але вельмі асабісты:
Я хаце абавязаны прапіскаю —
Калыскаю, падвешанай пад столь.
Я маці абавязан кожнай рыскаю,
Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю —
Усім, чым працы абавязан стол.
Я — матчын спеў,
я — матчыны трывогі,
Я — матчын гнеў, які ўставаў на ногі,
Гнаў смерць на Захад —
у нару з нары —
Трацілаваю пугай перамогі.
Дыміліся сямі франтоў дарогі
За мной, як дынамітныя шнуры.
Пазбавіўшы ад грознага відовішча
Свет, не дазволю я, каб дым і пыл
Зямлю ператварыў у бамбасховішча,
Мільярд прапісак — у маўклівы прысак,
Мільярд калысак — у мільярд магіл.
Тая, што ахвяруе сабой
У паэта Анатоля Сыса ёсць незвычайны верш «Неапаленая купіна» з такой вось вялікай прадмовай: «Калі я быў малы, дык часта думаў, чаму ў мяне маці такая старая і непрыгожая, а аднойчы адважыўся запытацца пра яе шнары на твары, якія глыбока ў душы любіў, якія тысячы разоў цалаваў.
— Ох, сынок мой! Гэта ж здарыўся пажар, і яшчэ з адной жанчынай абгарэлі крэпка. І ў мяне былі абпаленыя і рукі, і грудзі, і твар... І была я цяжарная табою, сынок мой, і ўсе казалі, гэта я даведалася потым, што ці я памру, ці дзіця народзіцца мёртвым. Аж нарадзіла я цябе, сынок мой, жывенькага, толькі на твары была чырвоная плямінка. А была я прыгожая да пажару. Ды хіба ў непрыгожай маці мог нарадзіцца такі сынок мой?»
Гэта рэальная гісторыя, у якой паэт бачыў сімволіку. Свой першы паэтычны зборнік назваў «Агмень». А верш «Неапаленая купіна» гучыць так:
Як святарны абраз,
людзі вынеслі маці з пажару,
бы вужаку, маланку аддзёрлі
ад белых грудзей, каб суцішыць пакуты,
паклалі пад цёмную хмару і, каб смагу спатоліць,
размову вялі аб вадзе...
Неапаленай Купіне — маці —
малюся адзінай,
я ўсмактаў з малаком і любоў,
і праклёны яе:
хто плюе на жанчыну —
той нелюдзь плюе на Радзіму,
хто гандлюе святыняй —
той маці сваю прадае…
Тая, што нястомна працуе
Маці Максіма Танка, Домна Іванаўна, таксама наперажывалася за сына... У 1914 годзе з двухгадовым сынам Жэнем на руках адправілася ў бежанства ўглыб Расіі... Потым, ужо ў родных мясцінах, пад уладаю панскай Польшчы давялося бачыць, як жандары хапаюць сына проста на іх хутары, збіваюць прыкладамі, прывязваюць на вяроўку да фурманкі і валакуць у турму за ўдзел у беларускім падполлі... Танк успамінаў, як маці з крыкамі бегла за ім, пакуль не ўпала. У творчай спадчыне паэта сярод вершаў пра маці працытуем гэты:
Рукі маці
Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі і каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.
Пража нямала
З іх выпіла ў ночы бяссонныя
Свежасці ранняй.
Колькі яны запалілі світанняў,
Зораў над намі.
Колькі сягоння на іх
Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамоў і маршчынаў,
Гэта сляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.
Толькі заўсёды,
Як мы зберымося дамоў
І на стол пакладзе рукі маці,
Быццам ад сонца,
ад іх пасвятлее ў хаце
І ў сэрцы.
Тая, што вучыць паэзіі...
Маці паэтэсы Яўгеніі Янішчыц Марыі Андрэеўне давялося зведаць страшнае: яна перажыла сваю таленавітую дачку. Па вобразнай, паэтычнай мове гэтай простай сялянкі было зразумела, адкуль у Жэні талент. І калі ў чацвёртым класе Жэня напісала свой першы верш, то прысвяціла яго менавіта Марыі Андрэеўне. І потым не адзін твор прысвяціла матулі, апісваючы яе нялёгкую долю. Бацьку Жэні закатавалі за дапамогу партызанам. Маці абшывала вёску, каб зарабіць капейчыну... Таму якраз маці адрасаваны шматлікія вершы аўтаркі, у якіх Я. Янішчыц выказвае любоў да самага роднага ёй чалавека, удзячнасць за разуменне і шчырасць, уменне выслухаць і пачуць, выказаць словы пяшчоты і падтрымкі.
Скарочаныя назвы, што таксама часта сустракаюцца ў паэтычнай спадчыне Я. Янішчыц, пададзены імёнамі, назвамі па мужу ці па бацьку вясковых жанчын і дзяўчат: Дуня, Маша, Камарыха, Лёдзя, Ганя, Волька, Наста Нупреева, Рыгораўна, Зонька і іншымі. Выкарыстанне такіх антрапонімаў яшчэ раз пацвярджае думку, што паэзія Я. Янішчыц мае народна-песенную аснову, што паэтка, якая ніколі не адрывалася ад роднай зямлі, з павагай і ўдзячнасцю ставіцца да яе жыхароў, асабліва жанчын, шчырых працаўніц, духоўна багатых простых сялянак, якія, нягледзячы на складаныя жыццёвыя выпрабаванні, засталіся вернымі сабе і сваёй зямлі, не растрацілі ўпустую сваёй шчырасці і душэўнай цеплыні.
Позна класціся. Рана ўставаць.
Рана ўставаць — не бяліцца:
Па-над загонамі шчыраваць,
Па-над калыскай маліцца.
У чарадзе праліўных нядзель —
Не прапусціць грыбочка...
Кароткі, як шчасце, уходжаны дзень,
Яшчэ карацейшая — ночка.
Дыхае вольнымі мама грудзьмі,
Калі вяртаемся з поля.
Ушчувае: «Драціну з дарогі здымі —
Іншаму ног не паколе».
Кажа: «Ападзіны дол замялі.
Выткаўся жнівень раскошны.
Здымі сандалікі, не бойся зямлі,
Не бойся, дзіцятка, пожні...»
Прыеду. Кветка чакання ў акне
Міргае-цвіце ў адзіноце.
А вершы баюся чытаць,
каб мяне
На глухой не злавіла ноце
Мама — мая паэтэса.
Перачытайце яшчэ раз цудоўныя творы беларускіх класікаў, і не забудзьце сказаць добрыя словы ўласным маці!
СПІС РЭКАМЕНДУЕМАЙ ЛІТАРАТУРЫ:
Бядуля, З. Збор твораў ў 5 т. Т.2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. - 351 с.
Караткевіч, У.С. На Беларусі Бог жыве... : вершы, паэмы / Уладзімір Караткевіч. - Мінск : Маст. літ., 2008. – 254 с.-(Беларуская паэзія ХХ стагоддзя)
Куляшоў, А. А. Дарогi : Вершы, паэмы.- Мінск : Мастацкая літаратура, 2003.- 318 с. - ( Беларуская паэзiя ХХ стагоддзя)
Купала, Я. Вершы / Янка Купала ; [укладальнік Віктар Шніп]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2021. - 318 с.
Рублеўская, Л. “Я – мат чын спеў, я – матчыны трывогі…” / Людміла Рублеўская // Звязда. – 2021. – 16 кастрычніка.
Сыс, А. Ц. Alaiza : [выбранае] / Анатоль Сыс ; [уклад. А. Бяляцкі]. - Менск [Мінск] : Вільня [Вільнюс] : Gudas, 2009. –
211 с.
Танк, М. Мой каўчэг (вершы 1989-1992) / Максім Танк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – 207 с.
Янішчыц, Я.І. Пачынаецца ўсё з любві... : вершы, паэмы / Яўгенія Янішчыц.- Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. - 335с.-( Беларуская паэзія ХХ стагоддзя)
- Подробности
- Просмотров: 1504