- Подробности
- Опубликовано: 03 Апрель 2019

ТЭХНАЛОГІЯ БЕЛАРУСКАЙ
НАРОДНАЙ ВЫШЫЎКІ
Шыццё і нераздзельная з ім вышыўка адносяцца да найстаражытнейшых заняткаў чалавека.
Узнікненне шыцця адносіцца да эпохі першабытна-абшчыннага ладу і непасрэдна звязана з неабходнасцю вырабляць адзенне: спачатку са скур, а з вынаходствам ткацтва – з тэкстылю. Удасканаленне прылад шыцця ад каменнага, касцянога шыла да жалезных і стальных іголак мела вынікам паступовае яго ўскладненне і зараджэнне на гэтай аснове вышыўкі.
Удасканаленне тэхнічных сродкаў вышыўкі, арнаментальных форм, каларыстычных і іншых прыкмет праходзіла разам з развіццём прадзення, ткацтва, пляцення, фарбавальнай справы; залежала таксама ад сацыяльна-эканамічных умоў, этнічных традыцый, рэлігійных вераванняў.
Першыя прылады шыцця з’яўляюцца ў познім палеаліце. З іклаў маманта выразаліся статуэткі жанчын, выявы жывёл, птушак і рыб, чурынгі з ячэістым арнаментам, бранзалеты. У побыце былі касцяныя праколкі, іголкі, кінжалы, рагавыя жэзлы і інш., пацеркі з ракавін.
Аб вышываным адзенні ўсходніх славян VI – IX ст. даюць уяўленні сярэбраныя літыя мужчынскія фігуркі. Рэльефныя скульптуры малых форм, якія прызначаліся для вышывання на тканіну ці скуру, апрануты ў падпяразаную кашулю з доўгімі рукавамі і штаны.
Значнай крыніцай па даследаванню вышыўкі ў ІХ – ХІІІ ст. з’яўляюцца скураныя вырабы. Гэта тлумачыцца тым, што скура больш трывалы матэрыял і захоўваецца даўжэй, чым тканіна. На тэрыторыі Беларусі арнаментаваная скура прадстаўлена вырабамі гарадскіх рамеснікаў – абуткам, кашалькамі, футлярамі, ножнамі. Чаравікі ўпрыгожваліся разнастайным арнаментам з каляровых шарсцяных нітак.
Устойлівая традыцыя аздаблення адзення бісерам прасочваецца і ў ІХ–ХV ст. Для расшывання адзення ўжываліся бронзавыя, сярэбраныя, нярэдка залочаныя бляшкі. Чатырохвугольныя металічныя бляшкі з рэльефным рысункам, іншы раз аблямаваныя дробнымі шклянымі пацеркамі, – частыя знаходкі ў каменных магілах Беларускага Панямоння.
У канцы XVIII – пачатку ХІХ ст. з развіццём адыходніцтва, з узмацненнем сувязі з горадам і ўплыву гарадской культуры патрыярхальны быт сельскага насельніцтва хутка разбураўся, што адбілася на традыцыйным адзенні, спосабах і характары арнаментацыі народных тканін.
У XIX ст. вышыванне на Беларусі было адным з пашыраных заняткаў, а вышыўка – развітым і папулярным відам народнага мастацтва. У той ці іншай ступені ёю валодала кожная жанчына, тым больш што ў асобных месцах вышыўка была адзіным ці пераважным (у параўнанні з ткацтвам) спосабам аздаблення і арнаментацыі тканін.
Для беларускай народнай вышыўкі характэрны вялікі набор тэхнічных прыёмаў, большая частка якіх ужывалася выключна для арнаментацыі асновы. Вылучаецца таксама цікавая группа традыцыйных злучальных і краявых швоў. Першыя выкарыстоўваліся для злучэння канструктыўных частак: полак фартуха, абруса, дэталей кашулі. Другія служылі для абкідання зрэзу тканіны, краёў вырабу, скразных дзірак у ажурным шыцці. Асаблівай разнастайнасцю спосабаў і дэкаратыўнымі якасцямі вылучаецца палескае абкіданне, якім аздаблялі наміткі, падолы кашуль, фартухоў, краі каўняроў і каўнерцаў. Лакальныя назвы гэтага прыёму – зубленне, зубкаванне.
Па тэхніцы выканання беларускія народныя швы падзяляюцца на дзве групы: верхашвы па цэлай тканіне і скразныя, для якіх выцягваецца пэўная колькасць нітак асновы і ўтка. Швы па цэлай тканіне ў сваю чаргу дзеляцца на лічаныя (выконваюцца па ліку нітак тканіны) і адвольныя(па контуры).
Сярод лічаных (лікавых) швоў па цэлай тканіне адно з цэнтральных месц займае вышыўка наборам. Яна ўпрыгожвае ручніковыя галаўныя ўборы, кашулі, фартухі, ручнікі. Вышыўка ўяўляе сабой арнаментальную палоску – бардзюр, утвораны пэўнай колькасцю радоў шва «ўперадіголку». У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. вышыўка наборам пераважала сярод іншых відаў лічаных аздабляльных швоў на Палессі, была добра вядома ў Падняпроўі, бытавала ў паўночнай і заходняй частках Беларусі.
У комплексе традыцыйных прыёмаў прыкметнае месца займае группа гладзевых швоў. Здаўна на тэрыторыі Беларусі ўжывалася двухбаковая лічаная гладзь (насціл, высціланне, гладзь). Асаблівая папулярнасць гэтага віду гладзі адзначана ў Падняпроўі. Была вядома і тэхніка аднабаковай лічанай гладзі з паралельнымі шыўкамі. Вольнай гладдзю вышываюць узоры пераважна расліннага характару (рознакаляровымі ніткамі па контуру). Гэтая вышыўка распаўсюдзілася на Беларусі адносна позна ў параўнанні з традыцыйнымі відамі швоў.
Здаўна выкарыстоўвалася ў беларускай вышыўцы і двухбаковае шыццё роспісам, хаця шырокае распаўсюджанне для яго не характэрна. У якасці асноўнага тэхнічнага прыёму двухбаковае шыццё чырвонай бавоўнай сустракалася ў Паўночным рэгіёне, дзе ім выконвалі старажытныя міфалагічныя сюжэты з дрэвам жыцця, птушкамі, характэрнымі антрапаморфнымі персанажамі.
Музейныя калекцыі, экспедыцыйныя матэрыялы паказваюць, што ў канцы ХІХ – першых дзесяцігоддзях ХХ ст. асаблівую папулярнасць ва ўсіх рэгіёнах мела шво крыжам. Параўнальная лёгкасць і хуткасць выканання вышывак крыжам з’явілася адной з прычын паступовага выцяснення старажытных відаў вышывання і ўзорыстага ткання. Апрача асноўных аздабляльных швоў па цэлай тканіне выкарыстоўвалася группа швоў, якія ўмоўна можна назваць дапаможнымі. Яны ўжываліся для лінейнага, звычайна кантрастнага (чорнага, сіняга) абрамлення арнаментальных палосак.
У параўнанні з вышываннем па суцэльнай тканіне ажурнае шыццё (сакаленне, гафтаванне, гафт, расшыванне, строчка) не атрымала асаблівага развіцця і найчасцей сустракаецца сярод насельніцтва ўсходніх рэгіёнаў Беларусі.
Для абазначэння ажурных вышыванак распаўсюджанне атрымалі тэрміны «сакаленне», «гаптаванне», «расшыванне». У пачатку ХХ ст. гэтай тэхнікай упрыгожвалі («усакольвалі») спадніцы, хусткі, ручнікі. Слова «сакаленне» даўняе, спачатку яно ўжывалася толькі для абазначэння мярэжак на традыцыйных відах адзення, пасля гэты тэрмін быў распаўсюджаны і на арнаментальнае шыццё.
На тэрыторыі Беларусі асноўным матэрыялам для нанясення вышываных узораў здаўна з’яўлялася льняная двухнітовая даматканка з гладкай паверхняй палатнянага перапляцення. Нягледзячы на аднатыпнасць сыравіны, тэхнічных прыёмаў вырабу, якасць палотнаў значна вар’іравалася. Яна залежала ад прызначэння тканіны, рэгіянальных і часавых традыцый. Улічваючы такія прыкметы, як таўшчыня нітак, шчыльнасць ткання, ступень адбельвання, можна ўмоўна вылучыць палатно рознай гатунковасці – тонкае, сярэдняе, грубое. Асновай для вышыўкі служылі таксама ажурныя палотны. Ад суцэльных яны адрозніваліся тым, што мелі скразныя прасветы – дробныя або буйныя – у выглядзе гарызантальных і вертыкальных палос, якія ўтваралі клетку. Такія тканіны вырабляліся з ільнянойпражы – белай, часам пафарбаванай. Прамысловы тэкстыль – баваўняны, шарсцяны, шаўковы – пачаў пранікаць у сялянскі побыт беларусаў досыць позна – недзе з другой паловы XIX ст. У адрозненне ад рускіх губерняў, дзе найбольшым попытам карысталіся баваўняныя фарбаваныя ці набіўныя тканіны, беларусы аддавалі перавагу натуральным белым палотнам, магчыма, з прычыны таго, што яны адпавядалі колеру традыцыйнага льнянога адзення. Найстаражытнейшым матэрыялам для расшывання асновы ва ўсходніх славян з’яўлялася льняная і шарсцяная пража мясцовага вырабу, прычым у асобных месцах наглядалася пераважнае выкарыстанне льняных нітак, у другіх – каляровай шэрсці. Прасочваецца пэўная залежнасць паміж асноўным матэрыялам для вырабу адзення і матэрыялам для яго арнаментацыі. Адзенне з канапель арнаментавалася ў асноўным шарсцяной пражай, ільняныя тканіны вышываліся звычайна льнянымі ніткамі. 3 другой паловы XIX ст. асноўным матэрыялам для арнаментацыі тканін вышыўкай (як і ткацтвам) былі пакупныя баваўняныя ніткі – чырвоныя, сінія, чорныя ці натуральнага белага колеру. Традыцыйныя колеравыя вырашэнні беларускай народнай вышыўкі арыентуюцца ў асноўным на чырвоны колер. Манахромныя чырвоныя вышыўкі пераважалі, хоць часцей чырвоны колер адцяняўся кантрастнымі дабаўкамі сініх, пазней – чорных нітак. Дзе-нідзе бытавала спалучэнне чырвонага з белым, чырвонага з белым і сінім, сустракалася таксама аднатоннае белае ці манахромнае чорнае або тэракотавае шыццё. Ураўнаважанасць чырвонага з чорным – характэрная рыса навейшых узораў у тэхніцы крыжыка, пік папулярнасці якіх прыпадае на пачатак XX ст. Захаванне і развіццё аўтэнтычных форм беларускай народнай вышыўкі сведчыць аб імкненні беларусаў захаваць сваю гістарычную спадчыну і перадаць нашчадкам.

АЖУРНЫ ГАФТ
Ажурны гафт - гэта вытанчаны гафт, якая патрабуе навыкаў, цярпення, увагі і акуратнасці.
У Еўропу ўзоры карункаў, у тым ліку і ажурнага гафту, патрапілі ўпершыню з краін Усходу ў адпаведнасці з павевамі моды, уплывам густаў і традыцый, развіццём навукі.
Адмысловай вытанчанасцю адрозніваўся старадаўні гафт па зацягнутаму палатну. Выраб найтонкіх вышытых карункаў ці арнаментаваных каляровымі ўзорамі покрываў патрабаваў шмат часу і карпатлівай працы.
Ажурным гафтам упрыгожвалі адзенне, бялізну, абрусы, ручнікі.
Асаблівы росквіт гэтага гафту ў Беларусі пачаўся ў пасляваенныя гады ХХ стагоддзя. Ды і цяпер ён застаецца самым вытанчаным і высакародным, самым папулярным гафтам.
У нашым рэгіёне таксама захавалася тэхніка машыннага гафту (рышэлье). Займаецца гэтым відам рукадзелля выдатная жанчына Шах Кацярына Макараўна. Родам яна з в. Макаравічы Бабруйскага раёна. У наш час пражывае ў п. Рэдкі Рог. Асновам гэтай тэхнікі вышывання навучылася ў сяброўкі, а далей асвойвала сама. Вучыла шматлікіх жанчын мястэчка, але так сур'ёзна, як яна, гэтым ніхто не займаўся. Вышывала на простай швейнай машыне, без лапкі, перасоўваючы пяльцы рукамі.

Шах Кацярына Макараўна
Мастацтва вырабу дываноў было вядома ў старажытных егіпцян з XIV стагоддзя да нашай эры.
У старажытных грэкаў, персаў выраб дываноў распаўсюдзіўся дзесьці ў першым стагоддзі да нашай эры. Гісторыя тканых дываноў з сюжэтным малюнкам пачыналася ў Нямеччыне з XI стагоддзя. З сярэдзіны XII стагоддзя яны распаўсюдзіліся ў Францыі і Галандыі.
У кожнай еўрапейскай краіне каралеўскі двор меў мануфактуры па вытворчасці габелена. Сыравінай для вырабу габеленаў служылі бавоўна, воўна і шоўк розных адценняў. Мадэллю для вырабу габеленаў служыў працоўны кардон, г.зн. маляўнічы эскіз у натуральную велічыню. Найбольшага росквіту выраб габеленаў дасягнуў у XYII стагоддзі ў Францыі.
Найболей распаўсюджаным у беларусаў гэтага перыяду быў рамны станок, вядомы на ўсёй тэрыторыі. Станок на "сахах" адзначаны толькі на паўднёвым усходзе, станок са станінамі - на поўдні Беларусі. “Вярстат” - найболей удасканалены станок у сялянскім побыце канца XIX - пачатку XX стагоддзя.

Мірончык Таццяна Цімафееўна, 1936 года нараджэння, вельмі любіць ткаць і займаецца гэтым відам рукадзелля для ўпрыгожвання жылля. Яна вырабляла пакрывалы і посцілкі, якія вельмі патрэбныя ў хатняй гаспадарцы. Вельмі любіць Таццяна Цімафееўна і вышываць.
Ткацтвам і вышыўкай у дасканаласці валодае і Карнаван Лілія Іванаўна.
Лілія Іванаўна нарадзілася ў 1940 годзе ў в.Ворсічы Бабруйскага раёна. Цяпер пражывае ў Брожы. Любімым заняткам захапляецца і зараз.
Вішнеўская Ганна Міхайлаўна – непераўзыдзены майстар вышыўкі. Хата Ганны Міхайлаўны напамінае музей народнай творчасці.

Хто і калі прыдумаў першую гафтачку, ніхто не ведае, але ўжо даўно вядома, што нарадзілася гэта цуд-гафтачка задоўга да нашай эры.
Часам узнікнення вязання лічаць V стагоддзе да нашай эры. Аўтарамі рамяства вязання былі мужчыны. Найболей удалымі вязальшчыкамі старажытнасці былі арабы. Ужо 2000 гадоў таму назад яны ўмелі вязаць шматколерныя складаныя ўзоры. У Старажытным Каіры былі выяўлены шматколерныя шаўковыя вырабы, злучаныя тонкімі металічнымі пруткамі. У Еўропу мастацтва вязання пракралася праз хрысціян-коптаў.
У XIV – XV стагоддзях пашыраецца асартымент вязаных вырабаў. У XVI ст. узнікае вязанне гаплікам (тамбурам). У 1589 г. у ручным вязанні адбыўся пераварот. Ангельскі святар Вільям Лі вынайшаў ручную вязальную машыну. У аснове яе дзеяння ляжала выкарыстанне іголкі з гаплікам. Мужчыны-вязальшчыкі не дапускалі доўгі час жанчын да рамяства.
У канцы XVIII стагоддзя ў Францыі была вынайдзена круглавязальная трыкатажная машына. На тэрыторыі славянскіх краін мастацтва вязання спрадвеку існавала як хатняе рамяство.
У Брожскім сельскім Савеце таксама захавалася такое рамяство. Ім у дасканаласці валодае Пасько Вера Сямёнаўна,
1930 года нараджэння. Родам з Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці, жыве ў Брожы. Яна займаецца вязаннем гаплікам. Ніколі не вязала па схемах з часопісаў, а прыдумляла сама. Яшчэ пруткамі вяжа шкарпэткі, жакеты і інш.
Захапляецца вязаннем гаплікам і Карнаван Лілія Іванаўна.
Вось ужо ў каго залатыя рукі!
- Подробности
- Просмотров: 5698















