Russian Belarusian

З незапамятных часоў завяршэнне жніва на Беларусі суправаджалася абрадам, які названы дажынкамі. Сёння гэта – свята, якое прысвечана ўсім працаўнікам вёскі. Месцам правядзення раённага фестывалю працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2017 “ стаў аграгарадок Гарбацэвічы, куды днём 16 верасня з’ехаліся госці з усёй акругі. 

Удзельнікі святочнага мерапрыемства мелі магчымасць прыняць удзел у конкурсна - гульнёвых праграмах,  наведаць падвор’я майстроў і гандлёвыя рады, паглядзець канцэртныя тэматычныя праграмы, і самае галоўнае, убачыць шэсце і ўшаноўванне пераможцаў раённага спаборніцтва  па ўборцы ўраджаю 2017 года.

Ужо традыцыйна на свяце дажынак бібліятэкары дзяржаўнай установы культуры  “Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Бабруйскага раёна” арганізуюць работу бібліятэчнай пляцоўкі. На гэты раз яна была прадстаўлена бібліятэчным кафэ “Смаката на кожны дзень”. Ветлівыя бібліятэкары цэнтральнай бібліятэкі Жана Плышэўская, Святлана Грыцэнка, Жана Пахлёстава на чале з дырэктарам Любоўю Схаба запрашалі ўсіх жадаючых наведаць бібліятэчнае кафэ і пазнаёміцца з выданнямі кніг, якія прысвечаны развіццю беларускай кулінарыі і гастранаміі са старажытных часоў і да нашых дзён і прадстаўленымі  на выставе - парадзе “Смачныя кнігі”. Кожнага  наведвальніка гаспадыні бібліякафэ знаёмілі з меню, якое ўключала цікавыя, разнастайныя, карысныя, а галоўнае - па-сапраўднаму беларускія стравы.

Аматарам сучаснай беларускай кухні была прапанавана гульня – віктарына “Смачна есці”, юным наведвальнікам - конкурсная гульня “Ад зярняці да каравая”. Праверыць свае веды і атрымаць за правільны адказ кубачак зваранай па адмысловым рэцэпце кавы , альбо гарбаты з чароўнай ягады марошкі, ці беларускай ажыны дазволіла бяспройгрышная інтэлектуальная латарэя “Што за цуд гэтая  агародніна!”. Салодкія ўражанні ў самых юных пераможцаў віктарыны пакінулі залацістыя пернікі, якімі частавала дзяцей Святлана Грыцэнка.

Увагу наведвальнікаў засяроджвала выстава - інфармацыйны стэнд “Багацее зямля беларуская”. На выставе было прадстаўлена шмат цікавых звестак з гісторыі дажынак “Дажынкі – усенароднае свята”, абазначана літаратура пра старадаўні абрад дажынкі “Пашлі божа многа збожжа”. Раздзелы выставы “Зямлі нашай шчодрай умельцы сыны” і “Стаўка на маладых” змяшчалі цікавы краязнаўчы матэрыял.

Бібліятэкары цэнтральнай бібліятэкі вядуць уласны летапіс раённых “Дажынак”- краязнаўчы альманах “Славим хлеб и руки золотые”. Дажынкі: хроніка падзей”. У гэтым краязнаўчым выданні змешчаны ўсе сельскагаспадарчыя дасягненні прадпрыемстваў Бабруйшчына  за апошнія 4 гады.

Галоўнае хлебаробскае свята раёна “Дажынкі- 2017” у аграгарадку Гарбацэвічы было цікавым, непаўторным і запамінальным.