- Подробности
- Опубликовано: 18 Ноябрь 2021
Песні нашых бабуль
Цялушская акруга
Фальклорна-этнаграфічны матэрыял уключае песні і карагоды, запісаныя са слоў мясцовых жыхароў.
Выдане разлічана на настаўнікаў, работнікаў культуры, кіраўнікоў мастацкіх калектываў, шырокае кола зацікаўленых беларускім традыцыйным мастацтвам
АЗЁРУШКА
Запісана са слоў ГАЛУБЕЦ Валянціны Міхалаўны,
в. Цялуша
Што ў полі азёрушка
Там плавала вядзёрушка
Сасновы клёпкі, дубова дзенца
Не чурайся, маё сэрца
Яно плавала з вадою
Двое сутак за валною
Выйдзі дзяўчына, выйдзі красіва
Пагаворым з табою
Ой, я рада выхадзіці
З табой, любы, гаварыці
Ляжыць наялюбы на правай ручцы
Ой, баюсь я разбудзіці
Ты, дзяўчына мая люба,
Адвярніся ад нялюба
Буду страляці, буду лучаці
З-пад зялёненькага дуба
Ты, казача, маладзенькі,
У цябе конік вараненькі
Сядлай каня, з’язжай са двара
Ты не мой, а я не твая
ОЙ, Я ХАДЗІЛА МАЛАДАЯ
Праспявала ЛАЎРЫНОВІЧ Любоў Савеляўна
в. Ступяні
Ой, я хадзіла маладая па кругу
Ой, я ганяла серыя гусі па лугу
Ой, гыля, гыля серыя гусі дадому
Ой, скушна стала селязню адному
Ой, папускаў ён крылля-пер’е дадолу
Ой, то не крылля, то дзявочая краса
Маладая дзяўчыначка сына радзіла
Ой, спарадзіўшы ў Дунай-рэчку аднясла
Ой, плаві, плыві дзіцятачка за вадой
Ой, астаюсь я, маладая, ўдавой
СІНЯ МОРА КАЛЫХАЕЦЦА
Запісана са слоў ЛАЎРЫНОВІЧ Марыі Савеляўны
в. Цялуша
Сіня мора калыхаецца
Арол з лебяддзю купаюцца
Арол з лебядзем купаюцца
Арол у лебядзя пытаецца
Ці ня быў ты на маёй старане?
Ой-ой, не тужыць ацец-маць аба мне?
Яны тужаць шчэй пачаляцца
Эй, цябе ў госці дажыдаюцца
ВЕЦЯР ВЕЯ
Праспявала ЛАЎРЫНОВІЧ Любоў Савеляўна
в. Ступяні
Вецяр вея да вецяр вея
Да вецяр павявае
Маці ў доні да маці ў доні
Да пра жызню пытае
Пытай маці да пытай маці
Да ў шэрай вуцяці
Шэра вуця да шэра вуця
Да на моры начуе
Яна маё да яна ж маё
Да ўсё горачка чуе
Перша гора да перша гора
Да дзяціна малая
Друго гора да друго гора
Да свякруха ліхая
Трэця гора да трэця гора
Да мяне муж пакідае
МАЗУРЫ
Запісана са слоў ХАРАНЕКА Кацярыны Рыгораўны
в. Ступяні
Што з-пад гор-гары
Едуць мазуры
Едуць, едуць мазурочкі
Вязуць, вязуць два вяночкі
Трэці залаты, трэці залаты
Заехаў мазур к Марсі на двор
Стук-грук у вакенечка
Выйдзі, Маша, на крылечка
Дай каню вады, дай каню вады
Я не магу ўстаць, каню вады даць
Мне мамаша прыказала
Каб я з панам не стаяла
Мамашы баюсь, мамашы баюсь
Мамашы не бойсь, садзісь на мой воз
Мы паедзем у чыста поле
Там не скука, там не гора
Там зажывем, там зажывем
Ехалі сялом, людзі пыталі
Што, што за дзяўчына
Хароша, чорнабрыва
З панам ехала, з панам ехала
ХАДЗІЛА ДЗЯЎЧЫНА ЛЯ
БЫСТРАЙ РАКІ
Праспявала ЛАЎРЫНОВІЧ Любоў Савеляўна
в. Ступяні
Хадзіла дзяўчына ля быстрай ракі
Ламала-брасала на воду цвяты
Плыві, плыві ветка за новы варата
Не смейся казача, што я сірата
Не смейся казача, што я сірата
Прыйшоў бы ты ў сваты, а я б не пайшла
Не бойся, дзяўчына, я ў сваты не пайду
Паеду ў Расію, я шчэ й крашэ найду
Аб’ехаў Расію і ўсе гарада
Не знайшоў я крашэ, як ты, сірата
Стаіш у варотах заплаканая
Па лічыку відна засватаная
Ты думаў, казача, што я прападу,
А я маладая замуж выхажу
АРЫНА
Запісана са слоў ЛАЎРЫНОВІЧ Любоў Савеляўны
в. Ступяні
Арына, Арына, чаго ты так тужыш?
Наверна, Арына, майго сына любіш?
Еслі б не любіла, я бы не тужыла
Цераз твайго сына ў Дунай-рэчку сплыла
Прыплыла Арына к зялёнаму дубу
Ой, што ў лузе, у лузе Васіль сена косіць
Васіль сена косіць
А яму Арына дзяціну прыносіць
Ой, Васіль, Васілю, на тваю дзяціну
А калі не возьмеш, на пакос я кіну
Васіль сена косіць, дзяціну тармосіць
А над ім Арына песенку заводзіць
ЗЯЛЁНЫ ДУБОЧАК
Запісана ад ГАЛУБЕЦ Валянціны Міхалаўны
в. Цялуша
Зялёны дубочак, шырокі лісточак
Куды вецер вее, туды галлё калыша
Куды вецер вее, туды галлё калыша
Ка мне мамачка, ка мне родная
Белы лісточак піша
Адзін напісала, другі прачытала
Долю горкую нешчаслівую
Яна век праклінала
Ой, ці я ж не такая як тая другая
Я й харошая, я й прыгожая,
Толькі доля ліхая
Пайду я у царкву, стану за дзвярамі
Людзі моляцца, людзі клоняцца
А я заіл’юся слязамі
ЧАРНАМОРАЦ
Запісана ад ХАРАНЕКА Кацярыны Рыгораўны
в. Ступяні
Сяду, сяду ля вакенца
Проціў ясна сонца
Проціў ясна сонца
Ці не ўбачц чарнаморца
Чарнаморац едзе, едзе
Да сямёра коней вядзе
Да васьмога варанога
Дружка майго дарагога
Павяду я коней к гаю
Ды да ціхага Дунаю
Сталі коні ваду піці
Стала вада прыбываці
Стала вада прыбываці
Чарнаморац патапаці
Чарнаморац патапае
Дай ратуначку гукае
Ратуй, ратуй мая міла
Калі верна любілі
Я ж бы рада ратаваці
Да не ўмею ўсплываці
Што б мне лодачка, вясельца
Ратавала б сваё сэрца
Што б мне рэмень дай папруга
Ратавала б свайго друга
Пакуль людзі сабраліся
Чарнаморац утапіўся
ХОДЗІЦЬ ВАНЯ ПА ВУЛІЦЫ
(в. Цялуша)
Веснавы карагод колавай формы. Вадзілі “ад Пасхі да Ушэсця, па сонцу і насустрач сонцу”. Змена напрамкаў руху – адвольная
Ходзіць Ваня па вуліцы,*
Ён пахажывая.
Ў Кацюшына вакошачка
Ён паглядывая:
-Ці ты спіш, Кацюша-душа, Ці ты так ляжыш?
-Я не сплю, Ванюша-душа,
Найбольш так ляжу, думу думаю.
Хачу Ванюшу наўчыць,
К сабе ў госці прывучыць.
Ты не йдзі, Ванюша, вулкай,
Ідзі перавулкаю.
Ты не голасам крычы,
Салаўём свішчы.
А я, малада-маладзюсенька,
Дагадаюся,
Да к Ванюшу на вуліцу
Паспяшаюся
* Кожны радок паўтараецца двойчы
ШТО З-ПАД ЛЕСІКУ, ЛЕСУ ЦЁМНАГА
в. Цялуша
Карагод кругавой формы. Яго вадзілі ўвесь тыдзень Пасхі, пачыналі на другі дзень свята
Што з-пад лесіку, лесу цёмнага,
Ой, лі, ой, люлі, лесу цёмнага.*
Лесу цёмнага, сад зялёнага,
Там ішлі-прайшлі да два молайца,
Да два молайца, да два холаста.
Яны ішлі-прайшлі, станавіліся,
За красну дзеўку пасварыліся.
Выхадзіла к ім красна дзевіца,
Гаварыла ім: “Вы не біцеся,
Вы не біцеся, не сварыцеся,
Па харошаму разайдзіцеся.
Да ідзіця, браткі, у сад зялёненькі,
Выламця, браткі, ды па пруцечку,
Кіньця, браткі, вы па жэрабі,
Да катораму я астануся,
Ой, ці першаму, ой, ці младшаму?
Асталася я парню браваму,
Парню браваму, кучараваму,
Ўсё Ванюшачку разудаламу”.
* Рэфрэн “Ой, лі, ой, люлі” паўтараецца пасля кожнага радка з другім яго паўвершам
ОЙ, ШТО НА НАШЫМ НА ШЫРОКІМ ВОЗЕРЫ
в. Цялуша
Крагод колавай пабудовы. Вадзілі яго “ад Пасхі да Ушэсця”. У ім задзейнічана розная колькасць жанчын. Карагоду ўласціва менавіта дакладная змена напрамкаў руху (насустрач сонцу – па сонцу) пастрофна. У час выканання запеву карагод рухаўся. У час выканання прыпеву “Лялея вада на моры” і “Роза мая чырвоная” ўдзельнікі стаялі на месцы, павярнуўшыся тварам да цэнтра кола. Злучаныя рукі апушчаны ўніз.
Ой, што на нашым на шырокім возеры
Лялея вада на моры.*
Плавалі, плавалі ўсе гусі па возеру,
Ўперадзе, ўперадзе белая лябедачка.
Адкуль узаўся, адкуль узяўся белы селязеньчык,
К сабе ўзяў, к сабе ўзяў белую лябёдачку.
Ой, што на нашый, на шырокай вуліцы,
Роза мая чырвоная.**
Там дзеўкі, там дзеўкі карагод вадзілі,
Ўперадзе, ўперадзе маладая Ганначка.
Адкуль ўзяўся, адкуль ўзяўся малады малойчык,
К сабе ўзяў, к сабе ўзяў маладую Ганначку.
* Прыпеў “Лялея вада на моры” паўтараецца пасля кожнага радка
** Прыпеў “Роза мая чырвоная” паўтараецца пасля кожнага радка
Карагоды змешчаны ў кнізе “Традыцыйная мастацкая культура Беларусаў”. Т.1. Магілёўскае Падняпроўе / Т.Б.Варфаламеева, В.І.Басько, М.А. Козенка і інш. – Мн.: Бел.навука, 2001.- с. 490, 495-497
- Подробности
- Просмотров: 913