- Подробности
- Опубликовано: 23 Февраль 2022
З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і выхавання павагі да гісторыі і спадчыны свайго народа ў бібліятэках раёна праводзіліся мерапрыемства прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы.
У цэнтральнай раённай бібліятэке прайшла акцыя “Рускай мове дай разгрузку, размаўляй па-беларуску!”, прысвечаная Дню роднай мовы. У гэты дзень каля выставы “Беларуская мова – узорная вязь” супрацоўнікі бібліятэкі правялі інтэрактыўны ўрок “Таямніцы беларускіх слоў” для вучняў пачатковых класаў. Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй свята, даведаліся, як паўсядзённыя і звыклыя нам рэчы гучаць на беларускай мове. Больш за ўсё малодшых школьнікаў зацікавіла гульня-пазл “Пагуляем ў роднае слова”. На працягу дня бібліятэкары размаўлялі з чытачамі па-беларуску і прапаноўвалі наведавальнікам бібліятэкі таксамі размаўляць на роднай мове.
Бібліятэка аграгарадка Міхалёва у Міжнародны дзень роднай мовы прапанавала наведвальнікам гістарычны экскурс “Таямніцы беларускай мовы”. У ходзе мерапрыемства чытачы даведаліся аб гісторыі гэтага свята, важнасці і значнасці роднай мовы, прынялі ўдзел у конкурсе “З слова – іншыя словы”, чыталі ўслых пранікнёныя радкі беларускіх паэтаў, апяваўшых прыгажосць роднай мовы. Увазе чытачоў была прадстаўлена кніжная выстава “Да скарбаў роднага слова”.
У Рэдкарожскай сельскай бібліятэцы прайшла віктарына да Дня роднай мовы “Скарбніцы вечнай мудрасці”, прысвечаная творчасці вядомых беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў 2022 года Янкі Купалы і Якуба Коласа. Удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем адказвалі на пытанні, а таксама чыталі ўрыўкі з вершаў “Хлопчык і лётчык”, “Спадчына”, з паэмы “Новая зямля”.
Каб выклікаць цікавасць дзяцей да вывучэння і захавання роднай мовы, бібліятэка аграгарадка Кавалі правяла гадзіну роднай мовы “Звіні, мая светлая, добрая мова”. Удзельнікі мерапрыемства дакрануліся да крыніц беларускай мовы, пазнаёміліся з вершамі, апавяданнямі, казкамі беларускіх аўтараў, успомніналі беларускія прыказкі і прымаўкі, загадкі і прыкметы, жарты і лічылкі.
Бібліятэка аграгарадка Іванаўка запрасіла сваіх чытачоў у літаратурнае падарожжа "Жывое ў вяках беларускае слова". Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць прачытаць урыўкі з любімых літаратурных твораў на роднай мове і атрымаць асалоду ад гучання сакавітага беларускага слова, паказаць веды ў перакладзе слоў з рускай на беларускую мову. Была прадстаўлена выстава "Мая родная мова - беларуская".
Бібліятэка аграгарадка Хімы прапанавала увазе наведвальнікаў кніжнаую выставу “Беларуская мова – мелодыя сэрца”, на якой змяшчаліся кнігі па гісторыі беларускай мовы, беларускія часопісы, аўдыё-кнігі з творамі беларускай літаратуры, а значную частку займалі кнігі беларускіх аўтараў — як класікаў, так і сучаснікаў.
На гадзіну роднай мовы “Які гэта цуд – мова мая родная!” запрасіла маленькіх чытачоў Осаўская сельская бібліятэка. Хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем прынялі ўдзел у гучным чытанні вершаў, конкурсах і віктарынах. Бібліятэкар звярнула ўвагу ўдзельнікаў мерапрыемства на матэрыялы кніжнай выставы «Адкрый для сябе беларускую кнігу», на якой былі прадстаўлены кнігі па гісторыі беларускай мовы, слоўнікі беларускай мовы, вершы, байкі, загадкі і лепшыя творы беларускіх аўтараў.
- Подробности
- Обновлено: 03 Март 2022
- Просмотров: 90