Russian Belarusian

 martinkevich1234

Да 210 -годдзя з дня нараджэння

Вінцэнта Дунна – Марцнкевча.

martink1

 

Як стораж, стаў смела на варце

Радзімыхзапушчаныхгоняў,

Стаўсеяць па-своймуўсё тое,

Што мы далей сеем сягоння.

Я. Купала

 

 

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў адным з першых, хто выступіў на ніве новага беларускага пісьменства, хто сваёй дзейнасцю сцвярджаў ідэю існавання літаратуры на роднай мове, шмат у чым вызначаючы дэмакратычны характар і напрамак яе далейшага развіцця. Фактычна, ён заклаў трывалы падмурак нацыянальнай літаратуры новага часу.

Вінцэнт Іванавіч Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся 4 лютага  1808 г.  у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета ў сям’і арандатара. Бацькі рана памерлі, і яго лёсам займаўся дзядзька па маці, магілёўскі архіепіскап Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, які ўладкоўвае пляменніка спачатку ў Віленскую базыльянскую бурсу, а пазней у Віленскі (паводле іншых звестак - Пецярбургскі) універсітэт на медыцынскі факультэт, але юнак з прычыны хваробы кідае вучобу і служыць сакратаром у прыватным бюро Бараноўскага ў Вільні.

У 1831 годзе Дунін-Марцінкевіч ажаніўся з 16-гадовай Юзэфай Бараноўскай без згоды на тое Бараноўскага і быў вымушаны пераехаць у Мінск, дзе ўладкаваўся чыноўнікам Мінскай Кансісторыі. У 1870 годзе Дунін-Марцінкевіч купляе фальварак Люцынка каля Івянца, дзе застаецца на сталае жыхарства, назаўсёды кінуўшы казённую службу.

У 40-я гады Дунін-Марцінкевіч пачаў сур’ёзна займацца літаратурнай творчасцю, ствараючы лібрэта аперэт. Напісанае ім лібрэта оперы “Ідылія” (“Sielanka”) выйшла ў 1846 годзе ў вілейскай друкарні Юзафа Завадскага. martink2Гэта, па сутнасці, першая беларуская опера: паны ў ёй гавораць па-польску, сяляне – па-беларуску. Аўтар стварыў не проста “Ідылію”, а ідылію з кантрастамі праўдзіва намаляваў абразок жыцця прыгоннай беларускай вёскі 40-х гадоў ХІХ стагоддзя.

Мастацкую спецыфіку твора абумовілі асветніцкія тэндэнцыі. Ідэал пісьменніка – гуманны, высокамаральны шляхціц, патрыёт свайго краю, які з’яўляецца “бацькам” для сваіх падданых. Легкадумнага Караля Лятальскага, які без вялікага жадання вяртаецца з Францыі ў “дзікунскі” край свайго маленства, паспяхова перавыхоўвае шляхцянка Юлія, пераапранутая ў сялянку.     Носьбітам сапраўдных, а не ўяўных маральных каштоўнасцяў у творы з’яўляецца народ, які аўтар свядома ідэалізуе, паказваючы толькі ў святочныя і ідэальныя моманты жыцця. Ідылію сялянскага жыцця парушае жорсткі камісар маёнтка Выкрутач, якога напрыканцы твора выганяюць з маёнтка.

Дунін-Марцінкевіч у сваіх творах паэтызуе народнае жыццё. Ён звяртаецца да старажытных звычаяў і абрадаў, у мастацкую канву твора ўуплятае беларускія народныя песні і легенды. Асабліва гэта тычыцца паэтычнагаэпасу, да якога можна аднесці паэмы “Гапон” (1855), “Травіца брат-сястрыца” (1851) і вершаваныя аповесці “Вечарніцы”, “Купала” і інш. У паэме “Гапон” пісьменнік стварыў вобраз маральна прыгожага і высакароднага хлопца Гапона, які вылучаецца з асяроддзя развітым пачуццём чалавечай годнасці, здольнасцю пастаяць за сябе. Вярнуўшыся з войска ў афіцэрскім чыне, Гапон як паслухмяны слуга сваёй пані просіць у яе блаславення на шлюб з Кацярынкай. Як і ў “Ідыліі”, у паэме “Гапон” грамадскія канфлікты вырашаюцца шляхам маральнага ўдасканалення чалавека.

Творчасць пісьменніка, якая ахоплівае тры дзесяцігоддзі (40 – 60-я гады), умоўна падзяляецца даследчыкамі на дарэформенную і паслярэформенную. Адмена прыгоннага права ў Расіі ў 1861 г. і паўстанне на Беларусі ў 1863 –1864 гг. не маглі не адбіцца на светапоглядзе і лёсе пісьменніка. За сувязь з паўстанцамі ён быў арыштаваны і пасаджаны ў турму (1863), а потым жыў і працаваў у фальварку Люцынка без права друкавацца.

У 1868 г. В. Дуніным-Марцінкевічам створана польскамоўная паэма "З-над Іслачы, або Лекі на сон" (аўтар назваў яе "апавяданнем Навума Прыгаворкі"), дзе ідылічнаму ладу старасвецкіх шляхецкіх засценкаў, які адыходзіць, супрацьпастаўляецца новая рэчаіснасць з яе цынізмам і прагай нажывы. Упершыню гэты твор быў надрукаваны толькі ў 1984 г., ужо ў перакладзе на беларускую мову.

Па-беларуску і па-польску гаварылі персанажы сатырычнай камедыі "Залёты", якая выйшла з-пад пяра В. Дуніна-Марцінкевіча ў 1870 г. У гэтым творы далейшае развіццё атрымала тэма спажывецтва і беспрынцыпнасці, уласцівых надыходзячаму капіталізму. Польскі тэкст на беларускую мову ў пачатку XX ст. пераклаў Янка Купала, у 1915 г. "Залёты" былі пастаўлены ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. А першая публікацыя гэтай п'есы адбылася ў газеце "Вольная Беларусь" у 1918 г.

У 1876 г. быў узноўлены (на гэты раз сакрэтна) нагляд паліцыі над пісьменнікам. Падставай паслужыў той факт, што ў сярэдзіне 1870-х гг. у Люцынцы без афіцыйнага дазволу дзейнічала невялікая прыватная школа, дзе навучала навакольных дзяцей дачка пісьменніка Цэзарына.

У гэты час, як успамінаў адзін з колішніх вучняў школы вядомы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., гаспадар фальварка шмат пісаў і захоўваў свае рукапісы ў вялікім куфры. Але большая частка напісанага не захавалася.

Памёр В. Дунін-Марцінкевіч 29 снежня 1884 г. (па новым стылі). Пахаваны на могілках ва ўрочышчы Тупальшчына недалёка ад Люцынкі.

 

 

На кніжнай паліцы:

martink3

 

 

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808-2008) : [фотаальбом] / [укладальнік і аўтар тэксту Ф. А. Ястраб]. — Мiнск : Беларусь, 2008. — 126 с. : іл.

Гэты альбом — своеасаблівая ілюстраваная энцыклапедыя пра Вінцэнта Якуба Дуніна-Марцінкевіча, яго асяроддзе, эпоху і час. Змешчаныя ў альбом шматлікія дакументы, фотаздымкі, малюнкі мастакоў дапамогуць глыбей зразумець душу Дудара Беларускага, яго пісьменніцкі і грамадзянскі подзвіг.

 

 

 

martink4

  

Дунін-Марцінкевіч, В. Драматычныя творы / Вінцент Дунін-Марцінкевіч.—Мінск : Мастацкая  літаратура, 2006.—126 с.

У кнізе класіка беларускай літаратуры, пачынальніка беларускага нацыянальнага тэатра В. Дуніна-Марцінкевіча (1808—1884) змешчаны яго  найбольш вядомыя драматычныя творы—опера “Ідылія”, вадэвіль “Пінская шляхта”, “Залёты”. 

 

 

 

 

 

martink7

 

  

Дунін-Марцінкевіч, В. Пінская шляхта. Выбранныя творы / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. – Мінск: Беларусь, 2015. - 224 с.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч iмкнуўся ахапiць сваiмi творамi ўвесь абсяг беларускай лiтаратуры ХIХ стагоддзя. Ён пісаў п`есы, оперныя лібрэта, вершаваныя аповесці і апавяданні, балады і вершы, частка з якiх увайшла ў гэты зборнiк. Творы Дуніна-Марцінкевіча здольныя задаволiць густ кожнага чытача - аматара даўнiны, прыхiльнiка лiтаратуры для душы i сэрца, цiкаўнага школьнiка i студэнта, лiтаратурнага гурмана.

 

 

martink8

  

Дунін-Марцінкевіч, В. Апавяданне ў малюнках : [для малодшага школьнага ўзросту] / аўтар тэксту Андрэй Міраславіч ; мастак Уладзімір Сулкоўскі. — Мiнск : Мастацкая літаратура, 2008. — 24 с. — (Славутыя імёны).

Кніга "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч" падрыхтавана да 200-годдзя з дня нараджэння вядомага пісьменніка і дзеяча беларускай культуры.

 

 

 

 

martink9

 

Класіка : да 200-годдзя з дня нарджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча / уклад. Язэп Янушкевіч. – Мінск : Выдавец Віктар Хурсік, 2008. – 240 с. – Змест : Пінская шляхта: аўтэнтык, бел., англ., ням., поль., рус. мовы / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. 

Тарас на Парнасе: бел., англ., балг., ісп., ням., поль., рус., укр. Мовы / Кастусь Вераніцын.

Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая частка – камедыя В. Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”, другая – паэма “Тарас на Парнасе”. Творы падаюцца як на беларускай мове, так і ў перакладах на еўрапейскія мовы.

 

 

martink10

 

“Жыве паміж намі дудар наш…” : да 200- годдзя з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808-1884) [Электронный ресурс] / Нацыянальная бібліятэка Беларусі; складальнік: В.А. Грынкевіч і інш.; рэдактар Л.В. Гарбачова. – Электронныя, тэкставыя, графічныя даныя і праграма (1,4Гб) – 2-е выд. – Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2010. – 1 электронны аптычны дыск (DVD - ROM).

Дыск уключае бібліяграфічны нарыс, бібліяграфію твораў, электронныя копіі  прыжыццёвых выданняў і двух найбольш поўных збораў пісьменніка, выдадзенных у ХХ ст.; бібліяграфічны спіс публікацый пра жыццё і творчую дзейнасць; выяўленчы і фактаграфічны матэрыял, звязаны з імем славутага земляка.

 

martink11

 

Марцінкевіч герба Лебедзь :  дакументы і матэрыялы пра класіка беларускай літаратуры XIX ст. Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча /  уклад., прадмова, падрыхтоўка тэкстаў, пераклады і камент. Г. Кісялёва.- Мінск :  Беларуская навука, 2010.- 472с.

Зборнік змяшчае найбольш значныя і важныя дакументы і матэрыялы пра жыццё, працоўную дзейнасць і шматгранную творчасць выдатнага беларускага пісьменніка мінулага В. Дуніна-Марцінкевіча. У кнігу ўключаны матэрыялы яго радаводнай справы, тайнага паліцэйскага нагляду, розныя канцэлярскія дакументы, што датычаць яго службовай дзейнасці, узаемаадносін з уладамі, гісторыі маёнтка Люцынка і інш.,  а таксама каштоўныя артыкулы У. Сыракомлі пра творчасць пісьменніка. Тэксты дакументаў і матэрыялаў падрыхтаваны па першакрыніцах, суправаджаюцца грунтоўным навуковым каментарам, дапоўнены хронікай жыцця і творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча і разгорнутым імянным паказальнікам.  Зборнік будзе цікавы выкладальнікам ВНУ, настаўнікам, студэнтам, усім, хто цікавіцца гісторыяй беларускай літаратуры ХІХ ст.