Russian Belarusian

Гісторыя вёскі Цялуша

Не блытайце нас з гэткай назвай станцыі

Бо з ёй само жыццё нас развяло.

Сваёю працай, песнямі і танцамі,

Мы самі славім нашае сяло.

Я люблю цябе, Цялуша, моцна, назаўжды,

Праз усе гады.

 

Так напісаў пра вёску Цялуша вядомы паэт, ураджэнец Цялушскага сельскага Савета Мікола Аўрамчык. Сяло вядома з сярэдзіны 180-га стагоддзя. Акрамя земляробства і жывёлагадоўлі сяляне займаліся саматужнымі промысламі – кравецкімі, шавецкімі, ткацтвам, прадзеннем, зборам ягад і грыбоў, загатоўкай лесаматэрыялаў, мелкім гандлем.

Iснуе некалькi версiй назвы вёскi. Па адной з iх – у гэтых месцах iшоў гандаль цялятамi. Па другой – тут загатаўлiвалi бярвеннi, якiя называлiся целехам.

А яшчэ мяркуюць, што ў тут жыў чалавек па прозвiшчу Целех. Многае ў вёсцы звязана з гiсторыяй. Рачулка Крыўка, ад слова кроў, была калiсцi паўнаводнай, назву сваю атрымала ад таго, што ў Айчынную вайну 1812 года каля вёскi вялiся кровапралiтныя баi з французамi.

У 1863 годзе ў вёсцы было адкрыта земскае народнае вучылiшча, настаўнiкам працаваў М.I. Калiноускi. Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi на базе вучылiшча была створана працоўная школа першай ступенi, у якой у 1923 годзе было 107 вучняу. Да рэвалюцыi ў вёсцы працавалi два ветраныя млыны, пастаялы двор, дзе штогод 9 мая адбывалiся таргi.

Карэнныя жыхары вёскi – патомкi тых сялян, якiя жылi ў гэтых месцах i пры прыгонным праве i пасля яго. Аб гэтым гавораць прозвiшчы. У тыя даўнiя часы не то прозвiшчы, не то клiчкi даваў сам памешчык Варанцоў- Вельямiнаў, якi жыў у суседняй вёсцы Дубаўка, якая ў тыя часы звалася Вавулiчы. Тут багата людзей з прозвiшчам Вавула.

Гэтыя мясціны завуцца Пушкiнскiмi. У вёсцы Дубаўка большую частку свайго жыцця правяла ўнучка А. С. Пушкiна Наталля Аляксандраўна. У 1881 годзе Наталля выйшла замуж за Варанцова-Вельямiнава, якi служыў у палку, якiм камандаваў бацька Наталлi. У хуткiм часе Павял Аркадзевiч выйшаў у адстаўку i з сям’ёй пераехаў у маёнтак сваёй мацi Вавулiчы. Памесце было вялiкае. Адной ворнай зямлi налiчвалась 250 дзесяцiн, астатняя - лясы, балоты, няўдобiца. Павял Аркадзявiч прыналежаў к славутаму роду. Яго продкi ўдзельнiчалi ў Кулiкоўскай бiтве, а дзед Павял Пятровiч у 15-летнiм узросце змагаўся на Барадзiнскiм полi ў 1812 годзе.

Большую частку свайго жыцця Наталля правяла ў маёнтку мужа. Яна дапамагала беднякам хлебам, лекамi, аказвала садзейнiчанне ў будаўнiцтве народнай школы ў Цялушы, арганiзавала прыют для сiрот i састарэлых, была членам дабрачыннага таварыства. Яе паважалi сяляне. Для гэтага былi падставы. Варанцовы-Вельямiнавы бясплатна забяспечвалi сялян медыкаментамi, цяжкахворых адпраўлялi ў бальнiцы Гомеля i Вiльнi, аплачвалi дарогу i ўсю аплату лячэння i харчавання, дапамагалi лесам, пазычалi грошы, каб яны маглi купiць скацiну для падвор’ я. Iх сядзiба славiлася прыгажосцю клумб i алей. Варанцовы-Вельямiнавы пасадзiлi ў горадзе Бабруйску i ў в. Цялуша першыя каштаны, садзейнiчалi арганiзацыi ў г. Бабруйску бiблiятэкi iмя Пушкiна, якая прыняла сваiх першых чытачоу у 1901 годзе. Наталля Аляксандраўна цiкавiлась мясцовымi паданнямi, любiла слухаць беларускiя народныя песнi. У Варанцовых-Вельямінавых было пяцёра дзяцей.

Наталля Аляксандраўна памерла 3 снежня 1912 года ад запалення лёгкіх на 53-м годзе жыцця і пахавана ў в. Цялуша. Спачатку было ўстаноўлена надмагілле, а ў 1980-м годзе пастаўлен гранітны помнік. З 1979 года, у знак шчырай удзячнасці за Наталле Алексанраўне, у пачатку чэрвеня, у вёсцы, каля магілы ўнучкі Пушкіна, праводзяцца пушкінскія святы паэзіі. Тут чытаюць сваі вершы мясцовыя паэты, літаратары з Мінска, Магілёва. Затым на пляцошку выходзяць майстры мастацкай самадзейнасці – харысты, дэкламатары, спевакі-вакалісты, фальклорныя калектывы, танцоры. Кожнае такое свята – адметнае, непаўторнае. Урачыстасць выйшла за межы мясцовасці, святкуецца раёнам.

Магiла ўнучкi Пушкiна знаходзiцца каля храма, якi з‘яўляецца помнiкам архiтэктуры псеўдарускага стылю. Гэта адзiны помнiк, якi захаваўся з часу ўнучкi Пушкiна. Ён быў пабудаваны з мясцовага матэрыялу. На беразе возера Плавун была знойдзена высокай якасцi глiна. Глiну замешвалi на сырых яiчных бялках для вырабу цэглы.Унучка Пушкiна ўласнаручна, сумесна з прастымi сялянамi, збiрала курыныя яечкi па сялянскiх дварах. Храм будавалi два майстры - рускi i яўрэй. Кажуць, што яны часта спрачалiся i сварылiся, асаблiва па пытанню ўстаноўкi купалоў. I за рашэннем канфлiкта заўсёды iшлi да ўнучкi Пушкiна. Храм быў змайстраваны перад пачаткам першай сусветнай вайны. З 30-х. гадоу ХХ стагоддзя храм не дзейнiчаў. З яго зкiнулi купала. Смяльчак, рашыўшыйся на гэта, упаў са званiцы i разбiўся. Шмат хто ўспрыняў гэта як знак за зробленае святатацтва. З пачаткам перабудовы перамянiлiсь адносiны да рэлiгii, храм пачалi аднаўляць. Усе жыхары навакольных вёсак прынiмалi ўдзел у гэтым, хто матэрыяльна , хто асабiстым укладам. Цяпер храм працуе, тут праходзяць службы.

У 1923 годзе у в. Цялуша быў адкрыты фельчарскi пункт, у 1926г. – хата-чытальня. З 1924 года Цялуша - цэнтр сельсавета. Першым старшынёй была жанчына-актывiстка Фядора Iларыёнаўна Фёдарава. Да рэвалюцыi яна была батрачкай. Потым прымала актыўны ўдзел у аднаўленнi савецкай улады на вёсцы.

У 1929 г. быў створаны калгас iмя К. Варашылава. Арганiзатар i першы старшыня Мiкалай Сцяпанавiч Гацко, якi ў1941 годзе быў растраляны фашыстамi. На пачатку 30-х гадоў у вёсцы была створана Цялушская МТС. У вёсцы працавалi кузня, млын. Палiтаддзел Цялушскай МТС у 1933-1934 гг. выпускаў газету «Палiтаддзельская праўда» i газету для дзяцей «Пiянерская зорка». З 1946 да 1963 г. у Цялушы знаходзiўся дзiцячы дом.

Вялікая Айчынная вайна – даволі яркая старонка ў жыцці вёскі Цялуша. Першымі праяўленнямі лютасці новага рэжыма стаў растрэл мясцовай улады – старшыні калгаса, настаўніка і ўрача.

У Цялушы, у гады Вялікай Айчыннай вайны была створана маладёжная падпольная арганізацыя, кіраўніком якой быў камандзір партызанскага атрада А. В. Руднеў. У яе састаў увайшлі юнакі і дзяўчаты ва ўзросце 18-25 гадоў. Усяго ў групу ўваходзіла больш за 30 чалавек.

Шмат вялікіх і малых, але заўсёды адчувальных для чужынцаў спраў, рабілі падпольшчыкі. Гацко Адам Ільіч, Гацко Міхаіл Ісакавіч, Дудаль Павял Аляксеевіч, Крычко Апанас Цімафеевіч складалі ядро падпольнай групы. Вайна застала Дудаля Паўла на граніцы пад Беластокам, дзе ён служыў у арміі. Гацко Адам да вайны працаваў у калгасе рахункаводам, а Крычко Апанас узначальваў адну з мясцовых гаспадарак.

Цялушскія падпольшчыкі даставалі міны і авіябомбы на былым Цялушскім аэрадроме, забяспечвалі ўзрыўчаткай партызан, ўзрывалі палатно жалезнай дарогі, псавалі тэлефонную сувязь ворага.

П. А. Дудаль аднойчы з невялікай групай абязброіў варожы гарнізон у вёсцы Мальеве. 18 чалавек, якія яго ахоўвалі, здалі зброю і самі пайшлі ў партызаны. Асабліва дзерзкай і рызыкоўнай была аперацыя па разлажэнні і ўводу ў партызанскае размяшчэнне добраахвотнага паліцэйскага батальёна, які размяшчаўся ў в. Ступяні. Камсамолкі Вольга Гацко і Марыя Дудаль паведамілі кіраўніку падпольнай групы, што ў батальёне ёсць назадаволеныя фашысцкімі захопнікамі і яны мараць перайсці да партызан. Камандзір батальёна прывёў для здачы і пераводу ў партызаны 96 узброеных салдат і маладых афіцэраў, а таксама – абоз з 24 канямі.

Многа было вялікіх і малых, але заўсёды вельмі карысных спраў, на рахунку народных мсціўцаў. Тут якраз праходзіла чыгунка, а непадалёку ад яе пралягала шашэйная дарога. Гэтыя шляхі зносін пастаянна знаходзіліся ў полі зроку падпольшчыкаў, хаця яны пільна ахоўваліся ворагам.

У свой час П. А. Дудаль расказаў пра адну аперацыю, якую падпольшчыкі ўмоўна назвалі “Перахапіць горла Гітлеру”. А справа абстаяла так: гітлераўцы выключную ўвагу надавалі сувязі. Наземныя лініі, якія цягнуліся каля чыгункі і каля шашы, вельмі часта пераразаліся народнымі мсціўцамі. Для большай упэўненасці спецыяльныя варожыя каманды праклалі і падземную лінію сувязі. Казалі, што яна ішла ад гітлераўскай стаўкі да штаба камандуючага групай арміі “Цэнтр”.

“Перахапіць горла Гітлеру” значыць – перарэзаць кабель. Падпольшчыкі Міхаіл Рыгоравіч Ткач і Пётр Якаўлевіч Дудаль, якія працавалі на чыгунцы, атрымалі заданне дакладна высветліць, дзе пралягае падземны кабель. Адшукаць яго было няпроста, паколькі фашысты замаскіроўвалі месца пракладкі лініі. Але заданне было выканана, сувязныя ўмоўнымі знакамі абазначылі месцы, дзе можна было найбольш зручна падступіцца да чыгункі. Ноччу падпольшчыкі перарэзалі гэты кабель, а месца зноў замаскіравалі. Які быў перапалох у немцаў, калі падземныя лініі сувязі не спрацавалі, а наземныя ў некалькіх месцах аказаліся перарэзанымі.

На ўчастку ад Бабруйска да Цялушы і далей да Жлобіна вельмі часта ляцелі пад адкос цягнікі з варожымі салдатамі і афіцэрамі, а таксама з баявой тэхнікай і зброяй. На рахунку Цялушскай падпольнай арганізацыі, у якой было каля сарака чалавек, нямала і іншых баявых спраў.

Сярод актыўных падпольшчыкаў былі – бацька і сын Юрганавы; Вольга і Вера Хурсан; Праскоўя, Кацярына, Фядос Сяліцкія; Аляксей Стэльмак; Паліна і Ганна Харанекі; Аляксей, Міхаіл, Кацярына, Піліп, Цярэнцій Гацко і іншыя. У верасні 1943 года многія Цялушскія падпольшчыкі перабраліся ў лес да партызан, у тым ліку і П. А. Дудаль са сваёй сям’ёй. Але работа падполля на спынілася. Не ўсе з падпольшчыкаў дажылі да вялікай Перамогі. Памёр ужо ў сталым ўзросце Павял Дудаль.

На будынку сельсавета у 1972г. устаноўлена мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяцi аб баявой дзейнасцi падпольшчыкаў.

Бытуе праўда ў народзе, што кожны славіць родную зямлю. Міхаіл Фёдаравіч Лаўрыновіч, гаспадарчы дзеяч, адзін з арганізатараў аўтамабільнай прамысловасці, заслужаны будаўнік Беларусі, нарадзіўся ў вёсцы Цялуша. Тут рос, як кажуць, выходзіў у людзі. Пасля заканчэння сямігодкі паступіў у Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, пачынаў працаваць наладчыкам на Мінскім аўтазаводзе, затым служыў у арміі. Пасля службы вярнуўся ў свій родны калектыў. Працаваў і адначасова вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце. Ужо незаўважна – і начальнік цэха, намеснік дырэктара, а затым і дырэктар завода. Дайшоў да генеральнага дырэктара “Белаўтамаза”, а гэта восем прадпрыемстваў, 40-тысячны калектыў. Яго ўклад у прамысловасць адзначаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга, ордэнамі “Знак пашаны” і “Дружбы народаў”, многімі іншымі ўзнагародамі. З 1994 года з’яўляўся прэзідэнтам Беларускай навукова-прамысловай асцыяцыі. Памёр М. Ф. Лаўрыновіч у 2008 годзе.

Паэт, празаік і перакладчык Мікалай Якаўлевіч Аўрамчык нарадзіўся ў вёсцы Плёсы Цялушскага сельскага Савета. Ён вучыўся ў Цялушскай сярэдняй школе. Маці паэта была знаёма з унучкай Пушкіна і ў сэрцы свайго сына шчодра пасеяла светлыя зерні пушкінскай паэзіі. Паэт улюблёны ў сваіх землякоў, у непаўторную прыгажосць роднага краю, піша пра іх шчыра і пранікнёна:

 

Мая бабруйшчына зялёная,

Здаешся іншым ты малой.

З тваёй Бярэзінай хвалёнаю,

І з непрыкметнаю Алой.

Ля Ступянёў і за Цялушаю

Майго кахання з той пары.

Сляды нічым не зацярушаны –

Цвітуць пралескамі ў бары.

 

У Цялушскай школе да 200-годдзя з дня нараджэння А. С. Пушкiна ў 1999 годзе адкрыўся “Школьны літаратурна-краязнаўчы музей”, якi ў 2010 годзе афiцыяльна прайшоў пашпартызацыю i ўключан у спiсак музеяў краiны.

Чым далей адыходзіць маленства, тым усё дараэйшым і даражэйшым робіцца той край, дзе ты нарадзіўся, дзе некалі ўпершыню пачуў птушыныя песні, убачыў кветкі, самастойна зрабіў першы крок. Немагчыма забыць пра той кут, дзе ты нарадзіўся, які спаўна адарыў цябе мовай, цеплынёй і светам.

 

Паклон вам, сцяжыны і трасы,

Дзе кінут маленства мой след.

Я, вёска, табе абавязан

Дарогай у сонечны свет.

 

Так пісаў пра родную вёску паэт Васіль Лаўрыновіч, ураджэнец Цялушы.