Russian Belarusian

ДУК “ЦБС Бабруйскага раёна”

Бібліятэка аграгарадка Цялуша

 

 

ЛЁСАМ

ЗВЯЗАНЫЯ з Ц Я Л У Ш А Й

краязнаўчы альманах

 

аграгарадок Цялуша, 2016

 

 

velyaminova

ГАЛІНКА З ПУШКІНСКАГА РОДУ

Наталля Аляксандраўна Варанцова-

Вельямінава, унучка А.С. Пушкіна

 

Нашы месцы завуцца Пушкінскімі. Тут, у вёсцы Дубаўка, большую частку свайго жыцця правяла ўнучка А.С. Пушкіна – Наталля Аляксандраўна. Наталля прыехала ў наш край разам з мужам Паўлам Аркадзьявічам Варанцовым-Вельямінавым, які выйшаў у адстаўку і вярнуўся ў маёнтак сваёй маці Вавулічы (цяпер – вёска Дубаўка Цялушскага сельвыканкама)

Большую частку свайго жыцця Наталля правяла ў маёнтку мужа. Яна садзейнічала будаўніцтву школы ў Цялушы, дапамагала сялянам хлебам і лекамі.

Варанцовы-Вельямінавы пасадзілі ў г. Бабруйску і ў в. Цялуша першыя каштаны, садзейнічалі арганізацыі ў г. Бабруйску бібліятэкі імя Пушкіна, якая прыняла сваіх першых чытачоў у 1901 годзе. У 1902 годзе Варанцовы-Вельямінавы пабудавалі ў в. Цялуша царкву, якая з’яўляецца помнікам гісторыі.

Наталля Аляксандраўна цікавілася мясцовымі паданнямі, любіла слухаць беларускія народныя песні. У іх было пяцёра дзяцей. Іх лёс і лёс многіх іх дзяцей звязаны з Бабруйшчынай.

Наталля Варанцова-Вельямінава памерла 3 снежня 1912 года ад запалення лёгкіх на 53-м годзе жыцця і пахавана ў в. Цялуша. Спачатку было ўстаноўлена надмагілле, а ў 1980 г. пастаўлены гранітны помнік.

 

 

ayramchik

АД ЗЯМЛІ, ЯКАЯ НАРАДЗІЛА

і НАТХНЯЛА

Мікола Аўрамчык, Народны паэт Беларусі

 

Народны паэт Беларусі, празаік, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Я. Купалы, Ганаровы грамадзянін бабруйскага раёна. Усё гэта характарызуе Міколу Аўрамчыка.

Нарадзіўся Мікола Аўрамчык у вёсцы Плёсы Цялушскага сельскага Савета. Вучыўся ў Цялушскай сямілетняй школе.

У 1938 годзе стаў студэнтам філалагічнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута. Вайна перапыніла вучобу. Быў мабілізаваны, удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім фронце гвардыі радавым у дывізіёне “кацюш”. Улетку 1942 года, пры акружэнні, каля Мяснога Бору на Волхаўскім фронце, трапіў у палон і быў вывезены на каменнавугальныя шахты Рура, дзе прабыў амаль тры гады. 22 красавіка 1945 года быў вызвалены англічанамі.

Пасля вайны Мікола Аўрамчык працаваў на аднаўленні Данбаса, потым скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях газет “Чырвоная змена”, “Літаратура і мастацтва”, у часопісе “Полымя”.

У розныя гады ён выдаў зборнікі лірыкі. Сярод іх – “Пярэдні край”, “Шляхамі дружбы”, “Ключы жураўліныя”, “Сустрэчы былых канагонаў” і іншыя. Ім напісаны раман “У падзямеллі”, аповесць “Палон”.

 

 

ПАКЛОН ВАМ, СЦЯЖЫНЫ і ТРАСЫ

Васіль Лаўрыновіч, паэт

 

Васіль Апанасавіч Лаўрыновіч нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Цялуша ў сялянскай сям’і. Сям’я была вялікая, 13 душ. Закончыў Мінскі педагагічны тэхнікум, а потым вучыўся ў ваенным вучылішчы. У першыя дні вайны збіваў нямецкіх парашутыстаў.

Далей лёс уладкаваў Васіля ад’ютантам камандзіра артылерыйскай часці. Прайшоў дарогамі вайны да самага Берліна. Салдаты, якія ішлі ў бой, спявалі яго аўтарскія песні: “Ваенныя дарогі”, “Вяночкі”, “Дзе ты, неспатканая”, “Хлопец кучаравы”, “Салдацкае сэрца”.

Мірнае жыццё пачалося толькі ў 1947-м годзе. Пачаў працаваць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Глускай санаторнай школе-інтэрнаце. Любоў да паэзіі жыла ў ім увесь час, вершаскладаннем сталі цікавіцца і яго вучні. Тады Васіль Лаўрыновіч арганізаваў літаратурнае аб’яднанне “Званок”, якое існавала 20 гадоў.

Паэт выдаў некалькі паэтычных зборнікаў: “Едзе лірнік з песняй”, “Пралескі”, “Ружы дабрыні”, “Лірнік спявае”.

 

 

laurinovich

ЦЯЛУШСКІ САМАРОДАК

Міхаіл Фёдаравіч Лаўрыновіч,

генеральны дырэктар аб’яднання “БелаўтаМАЗ”

Міхаіл Фёдаравіч Лаўрыновіч, дзяржаўны дзеяч, ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай акадэміі, Лаурэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР, адзін з арганізатараў аўтамабільнай прамысловасці, нарадзіўся 1 снежня 1929 года ў вёсцы Цялуша ў сям’і сяляніна. Тут рос, як кажуць, выходзіў у людзі. Пасля заканчэння сямігодкі паступіў у Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, пачынаў працаваць наладчыкам на Мінскім аўтазаводзе. Затым служыў у арміі. Пасля службы вярнуўся ў свой родны калектыў. Працаваў і адначасова вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце. Міхаіл Фёдаравіч прайшоў шлях ад наладчыка да генеральнага дырэктара аб’яднання “БелаўтаМАЗ”, дзе праявіў сябе як кіраўнік высокага прафесіянальнага класу.

Лаўрыновіч М.Ф. унёс неацэнны ўклад у развіццё прамыслова-прадпрымальніцкага руху Беларусі. Ён стаяў ля вытокаў стварэння Навукова-прамысловага саюза СССР, Міжнароднага кангрэса прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў ААА “Прыорбанк”. Яго ўклад у прамысловасць адзначаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Знак Пашаны, ордэнам Дружбы народаў. М.Ф. Лаўрыновічу прысвоена званне “Заслужаны машынабудаўнік БССР”

Міхаіл Фёдаравіч Лаўрыновіч памёр у 2008 годзе на 79-м годзе жыцця.

 

 

ЗАСЛУЖАНЫ ДОКТАР

Валянціна Максімаўна Барэц,

доктар медыцынскіх навук

borec

 

Валянціна Максімаўна Барэц, доктар медыцынскіх навук, прафесар, нарадзілася 3 студзеня 1927 года ў в. Цялуша. У 1950 годзе закончыла Мінскі медыцынскі інстытут. З 1950 года працавала ардынатарам тэрапеўтычнага аддзялення Гродненскай абласной бальніцы. З 1960 года прадоўжыла працоўны шлях у Гродненскім медыцынскім інстытуце ў якасці асыстэнта, дацэнта кафедры ўнутраных захворванняў, а з 1993 года з’яўлялася загадчыкам кафедры фізкультурнай тэрапіі.

Аўтар 170 навуковых твораў, у тым ліку дзвюх манаграфій па клінічнай вітаміналогіі і сардэчна- сасудзістым захворванням. Узнагароджана медалямі “За трудовую доблесть», «За доблестный труд».

 

 

ПАЭТ З МАЁЙ СТАРОНКІ

Міхаіл Крычко, паэт,

ураджэнец в. Цялуша

 

Нарадзіўся Міхаіл Крычко 19 студзеня 1994 года ў вёсцы Цялуша. Закончыў Цялушскую сярэднюю школу і паступіў вучыцца ў горад Мінск у ваенную акадэмію на ваеннага доктара.

Пісаць Міхаіл пачаў з 9 гадоў. Піша вершы, прозу, байкі, песні. З’яўляецца членам райённага літаратурнага аб’яднання “Натхненне” з 2005 года. Яго вершы друкаваліся ў раённай газеце “Трыбуна працы”, усебеларускім літаратурна-мастацкім альманаху “Гоман”.

Зараз Міхаіл друкуецца ў літаратурна-мастацкім альманаху “Ветразь”.