- Подробности
- Опубликовано: 03 Апрель 2019
ДУК “ЦБС Бабруйскага раёна”
Бібліятэка аграгарадка Цялуша
Асветніца зямлі Цялушскай
Н.А. Варанцова - Вельямінава
Аграгарадок Цялуша, 2016
НАТАЛЛЯ АЛЯКСАНДРАЎНА
ВАРАНЦОВА-ВЕЛЬЯМІНАВА
(1859-1912)
Наталля Аляксандраўна была першай дачкой старэйшага сына А.С. Пушкіна – Аляксандра Аляксандравіча. Нарадзілася Наталля 5 жніўня 1859 года ў Пецярбургу. Была яна жыццярадаснай, ветлівай, атрымала дамашняе выхаванне, валодала французскім, англійскім і нямецкім языкамі, цудоўна ведала гісторыю і любіла літаратуру.
На Наталлю звярнуў увагу адзін з лепшых афіцэраў палка, якім камандаваў яе бацька, - Павел Аркадзьевіч Варанцоў-Вельямінаў. Як гэта было прынята ў тыя гады, П.А. Варанцоў-Вельямінаў часта бываў у доме свайго камандзіра. Маладыя людзі пакахалі адзін аднога і ўлетку 1881 года павянчаліся.
Праз некаторы час П. А. Варанцоў-Вельямінаў падаў у адстаўку і пераехаў з жонкай у памесце сваёй маці Вавулічы, што знаходзілася ў Бабруйскім павеце (зараз в. Дубаўка Цялушскага сельскага Савета).
Памесце было вялікае. Адной ворнай зямлі налічвалася 250 дзесяцін, астатняе – лес, балоты, няўдобіца.
Павел Аркадзьевіч належаў да славутага роду. Яго продкі ўдзельнічалі ў Кулікоўскай бітве. Ягоны дзед, Павял Пятровіч, у пятнаццацігадовым узросце змагаўся на Барадзінскім полі ў 1812 годзе, быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.
Павел Аркадзьевіч і Наталля Алыксандраўна Варанцовы- Вельямінавы з дзецьмі (злева-направа) Феадосіям, Міхаілам, Марыяй, Верай.
Так унучка Пушкіна аказалася ў Беларусі. Наталля Аляксандраўна ўважліва прыслухоўвалася да беларускай мовы, неўзабаве стала разумець і сэнс беларускіх слоў. Старажылы навакольных вёсак Савічы, Цялуша, Ступяні ўспаміналі, што яна цікавілася мясцовымі легендамі, любіла пагаварыць з простым чалавекам. Наталля Аляксандраўна добра малявала. Гэта было адно з яе любімых захапленняў. Унучка вядомага паэта сачыняла і вершы, аднак не друкавала іх. Па ўспамінам родным, у яе быў сшытак, у які Наталля Аляксандраўна запісвала шмат чаго са сваіх жартоўных экспромтаў.
Агульны від маёнтка Варанцовых-Вельямінавых у
В. Дубаўка. Пачатак ХХ стагодзя
Сяльчане, якія ведалі і помнілі Наталлю Аляксандраўну, адзываліся пра яе як аб сардэчнай і спагадлівай жанчыне. Ніхто не мог успомніць выпадка, каб яна павысіла голас, накрычала, зняважыла. Заступалася, калі каго-небудзь несправядліва крыўдзіў упраўляючы. Яна дапамагала сялянскім сем’ям хлебам, зернем, лекамі, лесам на пабудову хаты, пазычала грошы, каб тыя маглі купіць жывёлу. А тым, хто ўмеў чытаць, давала кніжкі. Варанцовя-Вельямінавы клапаціліся пра сялянскіх дзяцей, імкнуліся зрабіць усё, каб яны сталі пісьменнымі. Таму Наталля Аляксандраўна садзейнічала будаўніцтву школы ў вёсцы Цялуша. У школе Варанцовы-Вельямінавы наладжвалі ёлкі, дарылі дзецям калядныя падарункі, цукеркі і іншыя ласункі.
Маці мясцовага паэта Міколы Аўрамчыка, уражэнка гэтых мясцін, прысутнічала маленькай дзяўчынкай на адкрыцці Цялушскай школы. Вучыцця ў школе ёй прыйшлося толькі два гады, але за гэты час яна паспела пазнаёміцца з пушкінскім словам. Простая вясковая жанчына палюбіла вершы паэта і сваім дзецям распавядала казкі Пушкіна, усё, што запомнілася з кароткіх школьных гадоў. Некаторым сялянскім дзяўчынкам Варанцовы-Вельямінавы дапамагалі не толькі атрымаць пачатковую адукацыю, але і прадоўжыць вучобу – стаць настаўніцамі, акушэркамі-фельчарамі.
Наталля Аляксандраўна захаплялася кветкаводствам. Любілі фіялкі. Яе сядзіба славілася у акрузе прыгажосцю кветнікаў і алей. Сям’я Варанцовых-Вельямінавых высадзіла ў Бабруйску першыя каштаны па вуліцы Сацыялістычнай, дзе стаяў іх дом. Зараз на яго месцы пабудаваны гарадскі дварэц шлюбу.
У Варанцовых – Вельямінавых было пяцёра дзяцей. Іх лёс і лёс многіх іх дзяцей звязаны з Бабруйшчынай.
У 1902 годзе Варанцовы-Вельямінавы пабудавалі ў в. Цялуша царкву, якая з’яўляецца помнікам гісторыі.
Сям’я Варанцовых-Вельямінавых прыняла пасільны ўдзел у стварэнні Бабруйскай гарадской бібліятэкі, якая носіць імя Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Бібліятэка была адчынена ў лютым 1901 года. Патомкі паэта папаўнялі яе фонд рэдкімі выданнямі. На жаль, гэтыя каштоўныя кнігі загінулі. Старэйшы бабруйскі бібліятэчны работнік Ф. Гіршэнгорн успамінаў, што да самай Вялікай Айчыннай вайны ў бібліятэцы захоўваўся экзэмпляр трагедыі “Фауст” Гёте, падараваны ўнучкай паэта. У чэрвені 1944 года фашысты, пры адступленні з Бабруйска, узарвалі будынак бібліятэкі, па варварску знішчыўшы яе фонд. Чытачамі гэтай бібліятэкі былі беларускія пісьменнікі М. Лынькоў, В. Вітка, С. Грахоўскі, Б. Мікуліч, кампазітар Е. Цікоцкі, артысты І. Балоцін, У. Уладамірскі і іншыя вядомыя людзі Беларусі.
Вельмі нудзілася Наталля Аляксандраўна адсутнасцю сапраўднай справы. Яна імкнулася арганізаваць прыют для састарэлых жанчын, хацела стварыць нешта накшталт дзіцячага сада для сялянскіх малышоў, але ў тых умовах ёй немагчыма было давесці свае пачынанні да канца. Дапамогу, якую яна аказвала шматдзетным сем’ям, як член дабрачыннага таварыства, не магла задаволіць яе энергічную натуру.
Памерла Наталля Аляксандраўна ў 1912 годзе ад запалення лёгкіх. Яе смерць ашаламіла мужа. Ён перажыў жонку на восем гадоў. У гэтыя гады яму давялося пакінуць родныя мясціны. Суровыя падзеі рэвалюцыйных гадоў прымусілі яго пакінуць Бабруйшчыну. П.А. Варанцоў-Вельямінаў памёр ад інфаркта ў 1920 годзе ў Кіеве.
Наталля Варанцова-Вельямінава пахавана ў аграгарадку Цялуша, у скверы каля царквы. На яе магіле ў 1979 годзе ўстаноўлены помнік. Ужо болей як 35 гадоў у чэрвеньскія дні ў Цялушы праводзіцца Пушкінскае свята паэзіі. Тут чытаюцца вершы паэта, мясцовыя паэты прадстаўляюць свае творы, выступаюць калектывы мастацкай самадзейнасці.
На магіле ўнучкі Пушкіна заўсёды вясной, улетку і ўвосень цвітуць кветкі. Людзі помняць светлы парастак пушкінскага роду, які прыжыўся ў нашым сціплым куточку Бабруйшчыны.
Магіла Н.А. Варанцовай - Вельямінавай ў 1979 годзе.
Магіла Н.А. Варанцовай –Вельямінавай ў сучасны час
- Подробности
- Просмотров: 4851