Russian Belarusian

Старонкі гісторыі вёскі Ласі

 

Некалі вёскі Ласі, Раскачы, Мельнікі, станцыя Брожа, вёска і хутар Брожа суседнічалі. Хоць у кожнай з іх была свая мяжа, жыхары гэтых вёсак нават не прыкмячалі, як пераходзілі з аднаго населенага пункта ў іншы. Вёскі Ласі і Раскачы падзяляў невялікі масток. Раскачы і Мельнікі зліліся з Ласямі і атрымалася адна вялікая вёска, са сваёй гісторыяй, насычанай падзеямі і цікавымі фактамі.

Вёска Ласі знаходзіцца на тэрыторыі Брожскага сельскага Савета. Ласі як веска Бабруйскага павета вядома з 1798 года. На той момант тэта была дзяржаўная ўласнасць, тут налічвалася 7 двароў, пражывалі 63 чалавекі. На пачатак XX стагоддзя - 42 двары, 240 жыхароў. У 1917 годзе - 56 двароў, 304 жыхары. У 1920 годзе дзейнічаў пункт па ліквідацыі бязграматнасці сярод дарослых. Згодна перапісу 1926 года - 65 домаўладальнікаў, з іх 41 меў прозвішча Лось. У 1930 годзе створаны калгас "Чырвоная зорка", працавала кавальня. На пачатак 1997 года - 128 двароў, 224 жыхары. У вёсцы - ферма буйной рагатай жывёлы, клуб, крама.

На цяперашні час у Ласях пражывае 65 чалавек, з іх дзяцей да 15 гадоў - 3, пенсіянераў - 32, працаздольных - 30.

 

Адкуль пайшла назва

Некаторыя лічаць, што назва вёскі Ласі пайшла ад першых пасяленцаў, што насілі такое прозвішча.

Але ёсць выснова, што даўным-даўно тут раслі непралазныя лясы, дубовыя rai, а ў іх жылі ласі і шмат іншых звяроў. Гэта прызнана афіцыйнай версіяй, адзначанай у кнізе "Памяць". Да нядаўняга часу ў вёсцы жылі паляўнічыя, што прыносілі з лесу трафеі. Жыхары ўспамінаюць, што калі хадзілі ў лес у грыбы-ягады, сустракалі шмат дзікоў, ласёў, коз. У дамах мясцовых жыхароў на сценах можна пабачыць габелены з адпюстраваннем ласёў.          

Сведчаннем таго, што гэтыя мясціны былі абкружаны дабротным, якасным лесам, з'яўляюцца моцна збітыя вясковыя хаты, якія былі пабудаваны яшчэ да вайны.

Вёска Раскачы ўзяла сваю назву ад прозвішча першапасяленцаў - Роскач. Такая сітуацыя і з прозвішчам Лось. Прычым, людзі з прозвішчамі Лось, Роскач - гэта родзічы ў розным калене, што вельмі добра сказваецца на мікраклімаце вёскі: усе жывуць у міры і згодзе. Нават на фотаздымках у жыхароў Ласёў назіраецца знешняе падабенства. Калі святкавалі вяселле або праводзілі ў войска, то збіраліся сяляне ад малога да вялікага. Гэта людзі, блізкія па духу, маюць агульныя карані. Сярод іх няма выхадцаў, што дабіліся на якімсьці полі дзейнасці вялікіх вышынь, але ёсць адкрытыя адна адной душы, сэрцы i... песня, якая аб'яднала ўсю вёску.

Тут заўсёды любілі і любяць сустракаць гасцей і спяваць. Спявалі, як ехалі на сенажаць, вечарамі - на прызбе. Песню перадавалі ў спадчыну: ад бацькоў - дзецям.

 

Жыццё пражыць - не поле перайсці

Жыццё не бэсціла сяльчан. Асабліва цяжка ім жылося ў ваенны і пасляванны час. Адна з жыхарак -Т.Р.Лось- згадвае, як раніцою маці будзіла яе і адпраўляла па грыбы. Лёгкія замаразкі кранулі зямлю, а так як абутку не было, то ісці прыходзілася басанож. Бегла, каб не так было холадна, па бураломе, лаўжах і сухіх шышках, час ад часу "войкаючы" ад болю ў замерзлых нагах. Але ўставала сонейка, сагравала зямлю, настрой паляпшаўся, і дадому вярталася з поўным кошыкам грыбоў. Вельмі хацелася спаць, але маці адпраўляла яе з мясцовымі жанкамі прадаваць лясныя дары на базары. Часам яна даходзіла да базару, ды так i засыпала на грыбах. Прачнецца, а хлопцы ўжо нашкоднічалі - парасцягвалі грыбочкі ды ягадкі.

Працавалі сяляне за працадні. Калі ты не быў у калгасе, зямлю на тваім кавалку абразалі. Так як зямля была ў вялікай цане, дамы стаялі блізенька адзін да аднога. Аднойчы ў Раскачах сын пабудаваў дом на ўчастку бацькі. Да яго з дубальтоўкай прыйшлі мясцовыя ўлады і сказалі, што ён на дзяржаўнай зямлі пабудаваў свой дом. Добра, што будоўля была аформлена дакументальна.

Быў час, калі гэтыя землі адносіліся да саўгаса імя Ленінскага камсамола. Мелася не толькі ферма, але і свінарнік, i птушнік. Быў выган для свіней. Большая частка працаздольных сялян працавала ў жывёлагадоўлі, асобныя - у паляводстве.

Дарогі паміж вёскамі былі разбітымі - яміна на яміне, запоўненыя вадой. Жылі бедна. Абутак быў толькі на выхад. Дзеці абуваліся толькі ў школу. Перад кожнай такой ямінай здымалі абутак і ішлі босымі, потым зноў абуваліся. Калі быў створаны саўгас імя Ленінскага камсамола, паміж усімі населенымі пунктамі пралягла шаша.

Цяпер многае змянілася ў вёсках. Калі раней нашы продкі змагаліся за тое, каб ім выдзелілі болей зямель, то бяры цяпер колькі хочаш - толькі паспявай апрацоўваць. Хаты стаяць не так блізка, як раней. Многія ад старасці паразбураліся, участкі далучыліся да суседніх падвор'яў.           

У недалёкім мінулым на лаўках каля хат сядзела шмат людзей у гадах, дзядкоў з бародамі, але час няўмольна бяжыць: лаўкі апусцелі, большасць хат асірацела, яны стаяць нікому не патрэбныя, зарастае бадыллем зямля, якую ніхто не апрацоўвае. Некаторыя хаты абжылі дачнікі.

Можна тут сустрэць і моладзь. Але праца на зямлі для яе чужая і цяжкая.

На пытанне, які час з пражытага імі быў самы шчаслівы, пенсіянеры вёскі аднагалосныя: цяперашні. I пенсія выплочваецца рэгулярна, і ў краме можна купіць усё, што душа пажадае.    

 

Вайна

Вайна ўварвалася ў жыццё мірных жыхароў вогненным смерчам. Над вёскай з'явіўся савецкі самалёт, за якім цягнуўся доўгі хвост шэрага дыму. Падбіты фашыстамі, ён кружыў над вёскамі, хацеў зайсці на пасадку, але потым упаў каля Брожы. Да месца трагедыі збегліся жыхары навакольных вёсак.

Лётчыка, якога дасталі з-пад абломкаў, пахавалі.

Крыху пазней прыйшлі немцы, абсталяваліся ў Ласях. Адзін немец, убачыўшы карову, загадаў жанчыне прынесці малака. Падаіўшы карову, тая адправіла дачку аднесці малако немцам. Перапужаная, мурзатая дзяўчынка аднесла малако. Калі вярталася назад, фашыст зламаў невялікую бярозку i загадаў ёй трымаць верхаліну. Так і сфатаграфаваў, каб адаслаць на сваю радзіму здымак, на якім была адлюстравана дзяўчынка заняволенага, на яго думку, народа.

Немцы ж, выгнаўшы сялян са сваіх хат, абсталявалі ў адной каўбасны цэх, у другой - пякарню. Адбіралі ў мясцовых жыхароў муку, скаціну, прымушалі сялян выпякаць хлеб, вырабляць розныя мясныя прысмакі. Падлеткаў адпраўлялі рыць акопы. Таксама ў вёсцы знаходзіліся палонныя розных узростаў. Іх выганялі ў лес высякаць лепшыя пароды лесу, каб затым адпраўляць у Германію. Мясцовая дзятва на месца вырубак прыязджала з санкамі, каб сабраць дроў для сваіх патрэб. Калі-небудзь дзеці прывозілі палонным бульбу, каб хоць крыху падтрымаць іх. Змарнелыя палонныя дзялілі яе пароўну паміж усімі. Адзін палонны стаў дапамагаць дзяўчынцы цягнуць санкі з дровамі і, убачыўшы, што немец не глядзіць на іх, уцёк. Галоўным над фашыстамі быў афіцэр Адам, які размаляў па-руску чыста.

Жыхарка в.Раскачы Болбас А.С. успамінае, што ў брожскіх лясах было шмат партызан. Сярод іх былі яе стрыечныя браты. 3 сяброўкай яны насілі партызанам яду. Аднойчы, калі яны вярталіся назад з лесу з пустымі кошыкамі, немцы, што назіралі за імі ў бінокль, гэта ўбачылі. Дзяўчынкі па дарозе з перапугу кошыкі выкінулі, што вельмі не спадабалася фашыстам. Яны пачалі патрабаваць ад дзяўчынак, каб тыя паказалі, дзе схавалі кошыкі. Дзяўчынкі адмаўляліся, казалі, што ў іх не было ніякіх кошыкаў. Лічылася, што з лесу з пустымі кошыкамі можна ісці толькі ад партызан. Фашысты завялі пятнаццацігадовых дзяўчынак у Вішнёўку, далі рыдлёўкі і прымусілі капаць сабе магілы. Пакуль тыя капалі, сагналі мясцовых жыхароў. На дзяўчынак навялі зброю. Яшчэ момант... I раптам прыбегла маці адной з дзяўчынак, Жэні. У маці на руках была маленькая сястрычка Жэні. Жанчына здагадалася выдаць яе|за дачку Жэні, прасіла немцаў, каб тыя не асірацілі малую. Немцы здзівіліся, што бываюць такія маладыя маці, але не расстралялі яе. Вось так маці выратавала жыццё свайго дзіцяці.

 

Жыхары вёскі Ласі бачылі, як гарэла в.Прудішча, сястра Хатыні. Немцы спалілі яе дашчэнту.