Russian Belarusian

1 1

 

Аповед пра старасту в.Ворсічы Нікітка Мікалая Іванавіча

 

Мой аповед пойдзе пра чалавека неардынарнага, чалавека, які кожнай клетачкай свайго цела хварэе за сваю малую радзіму – вёску Ворсічы. Завуць яго Нікітка Мікалай Іванавіч. Зараз і вас з ім пазнаёмлю…

…Нарадзіўся Міколка ў шматдзетнай сям’і лясніка Івана Лук’янавіча і яго жонкі Ульяны Лаўрэнаўны Нікіткаў. Усяго дзяцей было ажно 11, але ўлічваючы даваенны час, вайну, цяжкі пасляваенны перыяд, выжыла іх пяцёра, бо дзеці часта хварэлі. Засталося трое хлопчыкаў (Іван, Міхаіл, Мікола) і дзве дзяўчынкі (Паліна і Вольга). Усе, акрамя старэйшага Івана, павыходзілі замуж ці пажаніліся і засталіся жыць тут, у Ворсічах. А старэйшы Іван, 1923 года нараджэння, партызан, франтавік, працаваў дырэктарам лясгаса ў Мінскай вобласці.

Дык вось, нарадзіўся Міколка, самы малодшы сынок, 5 чэрвеня 1946 года ў Ворсічах. Хаця сам Мікалай Іванавіч зазначае, што правільная дата нараджэння – 27 мая. Але тады многіх запісвалі не дакладна.

Падрастаў хлопчык, пайшоў у школу – тады ў Ворсічах была сямігодка. Заканчваў сярэднюю школу ўжо ў Рэдкім Розе, новым пасёлку недалёка ад Ворсіч, які пачаў забудоўвацца адразу пасля вайны ў сувязі з торфараспрацоўкамі.

Потым паступіў у Буда-Кашалёўскі тэхнікум механізацыі, гідрамеліярацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, які скончыў у 1966 годзе. І цяпер Мікалай Іванавіч з цеплынёй успамінае выкладчыкаў тэхнікума, як ён кажа “выкладчыкаў ад Бога”, што змаглі тым хлопцам давесці да ведама, што каб стаць добрым, годным чалавекам і спецыялістам, трэба вучыцца. Там жа, у тэхнікуме, пазнаёміўся Мікола з дзяўчынай – Кацярынай Каротчыкавай, якая і стала сэнсам яго жыцця.

Потым была служба ў Арміі – два з палавінай гады (у сувязі з падзеямі ў Чэхаславакіі 1968 года). І вось дэмабілізаваны з Узброеных Сіл Мікола на крыллях кахання прыляцеў да самай-самай лепшай у свеце дзяўчыны – Кацярыны, якая увесь гэты час яго чакала.

 

Прыйшла пара – дыплом у кішэні,

Пайшоў у войска я служыць:

У Брэст патрапіў – слаўны горад,

Што на граніцы ён стаіць.

Быў паслухмяным я салдатам,

Усюды з войскам пабываў.

І ў Чэхаславакію патрапіў –

І “акупантам” там я стаў.

Ліст за лістом ка мне прыходзіў –

Чакала з службы ўсе гады.

Пісаў я ёй – калі счакаеш,

Мы будзем разам. Усё? Лады!

Мяне счакала – я прыехаў.

Паехаў у Гомель – усё, мая!

І першы да цесця з цешчай

І ім сказалі: мы – сям’я!

 

Распісаліся яны 2 жніўня 1969 года. І прывёз Мікола маладую жонку ў Ворсічы, бо ўжо за бацькамі трэба быў догляд. І вельмі добра паладзілі паміж сабой свякроўка і нявестка – Ульяна Лаўрэнаўна і Кацярына.

Тры дачкі нарадзілася ў шчаслівай сям’і – Ірына, Наталля і Валянціна адпаведна 1970, 1975 і 1980 гадоў нараджэння. Як любіць пажартаваць Мікалай Іванавіч, тры пяцігодкі запар ён выконваў заданне па павышэнню нараджальнасці ў Ворсічах. Дзяўчынкі выраслі, павыходзілі замуж, нараджалі дзядулю і бабулі ўнукаў. Чацвёра ўнукаў у Нікіткаў і ўсе - хлопчыкі.

Што датычыць працоўнай біяграфіі Мікалая Іванавіча, то адразу пасля Арміі ён працаваў вадзіцелем на торфапрадпрыемстве “Рэдкі Рог”, потым тры гады механікам і загадчыкам майстэрняў у саўгасе імя Ленінскага камсамола, а з 1982 і да выхаду на заслужаны адпачынак - механікам у мясцовым леспрамгасе.

Ну а цяпер самае цікавае – творчая біяграфія Мікалая Іванавіча. Стараста вёскі, чалавек неабыякавы да сваёй малой радзімы, ён піша вершы, збірае гісторыю, гумарэскі з жыцця сяльчан. Практычна ўся творчая спадчына Мікалая Іванавіча была надрукавана на старонках “Народнай газеты”, “Трыбуны працы”, гумарэскі выйшлі асобным выданнем.

Збіраў і збірае Мікалай Іванавіч цікавыя гістарычныя звесткі аб ворсіцкім краі.

Да 450-гадовага юбілею вёскі у раённай газеце была надрукавана гісторыя, сабраная ім.

…На правым беразе некалі шумлівай рэчкі, паблізу лясоў і вялікага возера пасяліліся шмат год таму людзі. З цягам часу вады ў возеры станавілася ўсё меней і меней, яно зарастала чаротам, асакой, хмызнякамі. За шматлікія тысячагоддзі на месцы возера ўтварыліся вялікія залежы торфу, разросся густы лес. Возера насіла назву Страмніцкае.

І вёска называлася раней не Орсічы, а Ворсічы. Ёсць шмат меркаванняў таго, адкуль пайшла назва вёскі. Найболей верагодным лічу тое, што вёска знаходзілася ў двухдзённых пераходах ад Рудабелкі (зараз г.п.Акцябрскі) да Бабруйска. Адолець такую дарогу за дзень было немагчыма, таму людзі, якія ішлі ў Бабруйск, каб што-небудзь прадаць або купіць, начавалі ў вёсцы. Спыняліся тут і на зваротным шляху. Іншымі словамі, як любяць казаць беларусы, “ворсаліся” туды-сюды, за што вёска і атрымала назву Ворсічы.

І возера, і рэчка былі багатыя на рыбу. У лясах, што прылягалі да вёскі, расло шмат ягад, грыбоў, арэхаў. Усё гэта карміла мясцовых жыхароў. Назапашанае за лета ўзімку вазілі на бабруйскі рынак, дзе куплялі адзенне і абутак.

Па рэчцы яшчэ ў мінулым стагоддзі сплаўлялі лес. Зімой спілоўвалі дрэвы і пры дапамозе коней звозілі іх да рэчкі, вясной жа, калі вада прыбывала, лес кідалі ў ваду і сплаўлялі да рэчкі, якая выцякала са Страмніцкага возера да так званых “Вілачак”. У пачатку мінулага стагоддзя ў гэтых Вілачках былі дзве невялікія прыстанькі, на якіх два браты майстравалі з бярвення плыты, і нашыя вясковыя мужыкі на іх пускаліся ў воднае падарожжа (у Бярэзіну, з яе – у Дняпро) і гналі плыты аж да Нікалаева на Украіне. Адтуль вярталіся дамоў пешшу, з вяроўкамі на плячах, якімі плыты звязваліся. Прыходзілі звычайна аж на Тройцу.

Не пакінула нам гісторыя звесткі пра нашэсце на нашу зямлю чужынцаў, але ж каля вёскі ёсць старажытныя курганы. Старыя людзі лічылі, што гэта могілкі заваёўнікаў, татарскія курганы-могілкі. У дзяцінстве мы выкопвалі там розныя гліняныя чарапкі ад посуду.

 

1 2

Здымак з газеты «Вячэрні Бабруйск», №29 ад 19.07.17г

 

Перад першай сусветнай вайной у 1914 годзе каля вёскі пачалі будаваць чыгунку. Гавораць, яе рабіў сам цар, каб да фронту было бліжэй падвозіць неабходныя грузы, армію. Да Вялікай Айчыннай вайны чыгунка спраўна працавала, а ў вайну партызаны падарвалі мост цераз Пціч, таму пасля вайны цягнік ходзіць толькі да станцыі “Рабкор”.

У 1920 годзе ў вёску прыйшлі польскія жаўнеры – багата нарабілі людзям гора. Людзей рабавалі, з іх здзекаваліся, былі і забітыя. Прымушалі капаць вакол вёскі рыдлёўкамі акопы, каб ніхто не змог іх абстраляць, і ноччу не вылазілі з тых акопаў.

У 30-я гады ў Ворсічах быў створаны калгас “Праўда”. Усе сельскагаспадарчыя прылады былі звезены ў калгасны свіран і абагулены. Руплівых гаспадароў называлі кулакамі і адпраўлялі на Урал, у Сібір. Многія з іх на радзіму так і не вярнуліся.

У калгасе вырошчвалі розныя культуры: бульбу, буракі, лён. Апошні асабліва радаваў вока – такім прыгожым было яго красаванне! Гадавалі свіней, авечак.

Перад вайной у вёсцы пабудавалі школу. Пабудавалі, у асноўным, з бярвення ад свірнаў “кулакоў”, але будыніна атрымалася дыхтоўная: 6 памяшканняў для заняткаў, бібліятэка, настаўніцкая. Пасля вайны (у вайну будынак уцалеў) дзяцей было шмат, і вучыліся яны ў дзве змены. У школе ладзіліся цудоўныя вечарыны з тэатральнымі пастаноўкамі, на высокім узроўні была самадзейнасць. Перад самай вайной было распачата будаўніцтва торфапрадпрыемства “Рэдкі Рог”, развіццю якога перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна: яшчэ адно страшэннае выпрабаванне для жыхароў.

Многія мужчыны і маладыя хлопцы пайшлі ў лес у партызаны, каб са зброяй у руках змагацца з ворагам. Немцы не вельмі лезлі ў лес з аўтаматамі: баяліся.

Многіх маладых хлопцаў, дзяўчат, дзяцей пазабіралі ў Нямеччыну. Некаторыя там і засталіся. Дарэчы, некалькі год таму родную вёску наведаў жыхар Германіі. Сустрэча была вельмі цёплай. На жаль, гэты чалавек ужо не валодаў мовай сваіх бацькоў.

У канцы ліпеня 44-га нашы войскі прыйшлі ў вёску – партызаны і ўсе хлопцы пайшлі на фронт дабіваць ворага. Многія загінулі, многія вярнуліся з вайны пакалечанымі. Вайна – гэта самае жудаснае, што можа быць на зямлі, пра гэта нельга забываць.

Вайна скончылася, людзі перайшлі да мірнага жыцця. Найперш трэба было аднавіць разбуранае фашыстамі, а з мужчын засталіся толькі старыя ды пакалечаныя. Трэба было адрадзіць палі, якія за час вайны пазарасталі. Хадзілі з сякерамі, высякалі хмызняк і дрэўцы, што параслі на палях.

Усяк даводзілася. Было і так, што жанчына не паспявала накарміць дзяцей, не дапаліла ў печы – забягаў старшыня калгаса, вядро вады ў печ, і на працу яе. Усяляк было. Як кажуць, з песні слоў не выкінеш…

Пабудавалі курані. Працаваць пачыналі на досвітку, сканчалі зацемна, а за працу ў канцы года атрымлівалі… паўмяшка зерня. Але, нягледзячы на гэта, усе палі былі дагледжаныя, апрацаваныя, ніякага нідзе бур’яну. Бывала, выйдуць улетку мужыкі з косамі, чалавек з дваццаць, адзін за адным. А трава сакавітая! Прыемна глядзець, як кладуцца пракосы. Праз колькі дзён усе на лузе: старыя, малыя, праца кіпіць, весела!

Работа па стварэнні торфапрадпрыемства пасля вайны аднавілася: гораду патрэбна было паліва для работы электрастанцый. Застукалі сякеры, пачалі высякаць лес, людзі сюды сталі прыязджаць з усёй Беларусі – з’явілася магчымасць зарабіць капейчыну. Назвалі населены пункт Рэдкім Рогам – гэта назва нашых мясцовых урочышчаў. Там, дзе зараз стаяць дамы – рогі, дзе планавалася здабыча торфу – рэдкія. Прыезджым трэба было недзе жыць, таму вельмі хутка з’явіліся баракі, пачалося будаўніцтва двухпавярховых дамоў, майстэрняў, магазінаў, сталовай. Праца на балоце кіпела. Магутныя экскаватары капалі канавы, людзі пілавалі і звозілі дровы, карчавалі пянькі, асушвалі балота. Казалі, што торфу тут маецца аж на 90 год. Распрацоўваліся ўсё новыя і новыя плошчы, усё больш і больш здабывалася торфу. На чыгунцы праца кіпела і днём, і ноччу. Паступова забудоўваўся і пасёлак: жылыя дамы, бальніца, клуб, школа, аптэка, лясніцтва, кацельня, лазня, лесапілка. Быў свой бальнічны гарадок – на ўскрайку пасёлка, сярод хвойніку, з некалькіх домікаў.

Да канца 50-х гадоў здабыча торфу даходзіла да аднаго мільёна тон у год. Праца станавілася ўсё больш механізаванай, машыны вызначаліся вялікай магутнасцю. Мужчыны працавалі на торфаздабычы, жанчыны – у калгасе. Жаноцкія рукі да таго ж былі звыклыя і да кроснаў. Як выраблялася палатно, колькі працы і колькі творчасці ўкладвалі ў яго жанчыны – гэта асобны аповед.

А як весела адпачывалі! У сярэдзіне 50-х быў пабудаваны двухпавярховы клуб, у якім была глядзельная зала з балконам, бібліятэка, більярдная, свой духавы аркестр. Летам вялізная танцавальная пляцоўка збірала юнакоў і дзяўчат з усіх навакольных вёсак. Маладыя людзі бралі шлюбы, нараджаліся дзеці. Нават і свой раддом быў.

Як і ў кожнай вёсцы, у Ворсічах было сваё асабістае свята – кірмаш. Штогод ён ладзіўся 6 і 7 мая – на Юр’я. Зранку 6 мая пачыналі сходзіцца, з’язджацца родзічы з усіх навакольных вёсак. У гэтыя дні ў любой хаце гатаваліся самыя смачныя стравы. Моладзь, якая збіралася паблізу школы на спартыўнай пляцоўцы, арганізоўвала танцы з гармонікам. Да самага ранку гучалі полькі, вальсы, кракавяк. І што самае галоўнае – у гэтыя дні ніколі не было парушэнняў грамадскага парадку.

Дзятвы было багата. Летам днямі гулялі ў мяч, футбол. Узімку ўсе станавіліся на лыжы і канькі. На лыжах аб’язджалі ўсе горкі каля вёскі, нават за дзевяць кіламетраў праклалі лыжню да суседняй вёскі, дзе было шмат курганоў. Іх усе называлі “горамі”.

Бясконца ў вёсцы гучалі шлюбныя песні. На 1 студзеня 1967 года тут пражывала болей за 600 чалавек.

Вялікае раздолле было ў ноч на стары Новы год. У хлопцаў і дзяўчат ужо ўсё было падрыхтавана да калядавання. На рослага хлопца апраналі вывернуты кажух, ззаду яго завязвалі на аборку, на галаву прымацоўвалі самаробныя рогі казы. Іх звычайна рабілі з дрэва, абмотвалі каляровымі стужкамі. З такой казой наведваліся ў кожную хату, дзе каза танчыла. Усе спявалі песні, якія ўслаўлялі Бога, гаспадароў хаты, жадалі ім у песнях здароўя, дабрабыту, за што былі ўзнагароджаны і яством, і грашыма, і бутэлькай гарэлкі. Дзяўчаты таксама хадзілі ў “шчадрухі”.

У ноч на нядзелю перад Вялікаднём уся моладзь збіралася на “усяночную”. На ўскрайку вёскі ці каля лесу палілі касцёр, ды не абы-які – за ноч спальвалі шмат дроў і некалькі дзесяткаў гумавых колаў. Да самай раніцы спявалі песні, скакалі праз вогнішча, расказвалі небыліцы.

Сняданак на Вялікдзень пачынаўся з чырвонага яйка. Пасля сняданку прыступалі да наступнага занятку. Вымяталі венікам двор, на якую-небудзь калодку прымайстроўвалі лубок – сухую кару з маладой ліпы. На лубку адбываліся сапраўдныя цуды. З метр яйка па лубку коціцца, скочваецца на зямлю і па падмеценаму “таку” коціцца як мага далей. Чыё яйка закоціцца найдалей, той працягвае гульню ўжо на выйгрыш. Калі яйка таго, хто ў гэты час гуляе, сутыкнецца з другім, апошняе трапляе ў кішэню “вядучага”. Смех стаіць на ўвесь двор.

Мужчыны ў гэты дзень дзе-небудзь ў зацішку гулялі ў карты, вялі нетаропкія размовы. Не абыходзілася, вядома, у свята і без гарэлкі і закускі, а таксама гульні ў “біткі”.

Ужо толькі дзесьці ў 1964 годзе ў вёску правялі стацыянарнае электрычнае святло, і кінаперасоўка пачала працаваць не ад маленькага генератара, які прыводзіў у рух бензінавы рухавічок, а ад электраразеткі. Трэба адзначыць, што электрычнасць была ў вёсцы і ў 50-я гады – у пасёлку торфапрадпрыемства былі ўстаноўлены генератары з дызельнымі рухавікамі, але магутнасці ў іх не хапала, і лямпачкі часам гарэлі вельмі слаба.

Для таго, каб паглядзець кіно, патрабаваліся, зразумела, грошы. Дзеці часта выпрошвалі ў мацярок курынае яйка ці сала – у лаўцы мянялі іх на капейкі і глядзелі кіно. Прасцей было восенню: у вёсцы працаваў грыбапрыёмны пункт. Прымалі ўсе віды грыбоў, за выключэннем шкодных, варылі іх у катлах, некаторыя засольвалі ў бочках, бочкі потым перапраўлялі ў горад. Вось тут для дзятвы быў прастор – усё зносілася з лесу і здавалася на перапрацоўку. Асабліва можна было зарабіць на здачы апенек, якіх было тут незлічона.

А колькі чарніц і брусніц за лета і восень зносілі на грыбаварачны пункт! Займаліся гэтым цэлымі сем’ямі і зараблялі за сезон добрыя грошы. Акрамя грыбоў і ягад на пункце прымалі кару крушыны, вербалозніка, карэнне калгану, бярозавыя венікі.

А ўжо калі ў вёску наведваліся габрэі-балаголы, якія збіралі рыззё, жалезіны, макулатуру і іншае, матулі, беражыцеся: усе кублы, дзе нясуцца куры, дзетварой будуць апустошаны, усё будзе здадзена балаголам. Замест яек уся вёска свістала-вішчала ад пішчалак з надзіманымі гумавымі шарыкамі. Жанкі ж у асноўным мянялі ў балаголаў рыззё на шпалеры, хусткі, накрыўкі для слоікаў, ніткі для вышывання, іголкі для шыцця і іншыя неабходныя ў гаспадарцы рэчы.

Хоць гэта і забаранялася, але, відавочна, як і ў любой іншай вёсцы, гатавалі і ў нашай самаробную гарэлку: за грошы ад калгаснай працы ці за пенсію ў 20 рублёў накупляешся хіба яе ў манапольцы? Гатаваць гарэлку – цэлае майстэрства. Рабілася гэта не на хуткую руку з цукру, як цяпер, а па ўсіх правілах, вытрымліваючы ўсе неабходныя перыяды. Таму і прадукт атрымліваўся якасны – гарэлка была моцнай, празрыстай, духмянай, ад яе ніколі не балела галава. Ужывалася ж яна, вядома, толькі па святах. Таксама выраблялі розныя наліўкі, віны.

Час ідзе – жыццё ў вёсцы змяняецца. Да сямідзесятых гадоў да горада было не дабрацца. Вясной, восенню, калі лілі дажджы, так разбівалі коламі дарогу, што ні праехаць, ні прайсці было як па дарозе, так і па вуліцы. Для таго, каб які-небудзь аўтамабіль мог даехаць да бруку, дзяжурыў гусенічны трактар. Было так разбіта, што толькі ён мог выцягнуць аўтамабіль ці хуткую дапамогу з багны. А то, бывала, хворага ці парадзіху аж да Вішнёўкі везлі на гусенічным трактары.

Вялізнае непраходнае балота было каля пасёлка Рэдкі Рог, калі ісці да яго з нашай вёскі. Даводзілася абыходзіць па лесе, па купінах, каб не набраць у чаравікі вады. На вуліцы былі такія вялізныя ямы, што нават “Беларусы” не маглі прайсці, пераварочваліся на бок у гразь, іх потым выцягвалі гусенічнымі трактарамі. Каб як-небудзь прывесці дарогі ў належны стан, экскаватары капалі канавы, каб збегла вада, потым бульдозерамі рабілі насыпы, трамбавалі пясок, рабілі падсыпку гравіем, раўнялі, грэйдавалі – пракладвалі дарогу да Бабруйска. А ў жніўні 1979 года зрабілі асфальтавае пакрыццё ад Брожы да Вішнёўкі, праз гадоў пятнаццаць – ад Брожы да Рэдкага Рога. Засталася толькі невялікая частка дарогі, гравійка, але гэта не перашкаджае рэйсавым аўтобусам штодзённа ездзіць з горада ў Орсічы, а тройчы за тыдзень – і ў Макаравічы.

Дарэчы, наша вёска з’яўляецца самай паўднёвай вёскай Бабруйскага раёна.

“Трыбуна працы”, №36 ад 15.05.10 і №38 ад 22.05.10г.

 

Як любіць часта паўтараць Мікалай Іванавіч, у яго жыцці было і ёсць пяцёра галоўных жанчын – гэта маці Ульяна Лаўрэнаўна, жонка Кацярына Данілаўна і тры дачкі – Ірына, Наталля і Валянціна. Шмат пра іх пісаў Мікалай Іванавіч. Да 90-гадовага юбілею матулі Ульяны Лаўрэнаўны Мікалай напісаў вялікі верш і панёс яго ў рэдакцыю раённай газеты…

 

МАМІНА ДАРОГА

… Бываюць сустрэчы, пасля якіх нібы святлее на душы, якія неўпрыкмет бяруць цябе ў палон роздуму i ты спакваля пачынаеш пераасэнсоўваць тое, што яшчэ ўчора здавалася звыклым i непаз-бежным.

Жорны часу не перамолваюць у нішто ўражанні ад такіх сустрэч, яны нязменна вандруюць з табой па жыцці, усплываючы ў памяці, калі пачынаеш думаць пра ступень увагі і ўдзячнасці да маці, да многіх блізкіх табе людзей.

 

Рэдакцыйны парог часта пераступаюць сыны і дочкі, каб павіншаваць праз газету сваіх бацькоў з днём нараджэння. Гэты пажылаваты ўжо чалавек, у адрозненне ад астатніх, прынёс не традыцыйна знаёмы ўсім тэкст вівшавання, а вялікі, амаль на дзесяці старонках са школьнага сшытка верш пад назвай «Маёй маці». Мікалай Іванавіч Нікітка, жыхар вёскі Орсічы, механік Брожскага лесапункта, прысвяціў яго сваёй маці Ульяне Лаўрэнаўне, якой сёлета спаўняецца дзевяноста гадоў. Не мастацкія якасці — не паэт жа, нават не сакавітыя беларускамоўныя радкі вызначалі верш. Шчырая, ад сэрца ідучая ўдзячнасць самаму дарагому чалавеку пранізвала яго. Своеаеаблівая біяграфія маці, усёй дружнай сям’і Нікіткаў атрымалася ў Мікалая Іванавіча. I міжволі ўзнікла жаданне бліжэй пазнаёміцца з гэтымі людзьмі

 

Дзевяноста ўжо

сягоння

Споўнілась матулі.

Вёсны, леты

праляцелі,

I гады мінулі.

Цяжкі лёс табе дастаўся,

Шмат пазнала гора,

Сіратою гадавалась,

Ды ў цяжкую пору...

 

У бацькоў Ульяны Лаўрэнаўны было пяцёра дзяцей. Засталася адна яна. Бpaты склалі галовы ў пажарышчы войнаў. У 43-м снарадам забіла сястру Ганну, i яе хлопчыкі-сіраты прыжыліся ў сям’і Нікіткаў. Ды і сама Ульяна Лаўрэнаўна рана засталася без маці. 3 дзяцінства пачала яна працаваць. Пасвіла жывёлу, у полі завіхалася, дома па гаспадарцы клопатаў хапала. Грамаце вучыцца не давялося, як і многім яе равеснікам з глухой лясной вёсачкі Чорныя Брады.

Неяк раз з'явіўся ў іх вёсцы Іван Нікітка з Орсічаў. Там яго праследвалі палякі, нават ногі падстрэлілі, а таму юнак вырашыў перачакаць колькі часу ў сваёй цёткі. Прыглянулася яму жвавая, гарэзлівая Ульяна. 2 мая 1920 года вяселле згулялі, і перавёз яе Іван у Орсічы. Сам ён спачатку на чыгунцы працаваў, а затым у леснікі падаўся і аддаў гэтай справе трыццаць гадоў жыцця. Цяжкі, галодны быў час. Да вайны Іван Лук’янавіч і Ульяна Лаўрэнаўна пахавалі аж шасцярых малалетніх дзетак. Здавалася, бясконцым будзе гора. Але не апускалі рук, жылі, гадавалі астатніх пецярых…

 

Вайна чорнаю віхурай

У вёску прыляцела.

Пахавалі, што было, -

Зграя каб не з’ела.

Сын старэйшы -

ён адразу

Са зброяй у лес падаўся.

Партызаніў, у

васемнаццаць

3 немчурой змагаўся.

К партызанам часта

ў лагер

Варыва насіла,

Ці грыбы, ці бульбу

нават –

Зараз тая б сіла!..

 

Іван Нікітка з дапамогай вясковых мужчын будаваў дом. Бойка сту-калі сякеры, сыпаліся жарты, над шчодрым чэрвеньскім сонцам плыў па наваколлю смалісты водар.

- Эй, хлопцы, кідайце работу - вайна! — данеслася з вуліцы...

Больш сюды талакой так i не сабраліся. Ме¬сяцы два тырчалі ў зрубе сякеры, а потым Іван Лук'янавіч, якому ўжо за пяцьдзесят было, паціху ўзяўся даводзіць дом да ладу. Але пажыць тады ў ім не давялося - у хаце пасяліліся немцы, а сям’ю выгналi ў стопку.

Старэйшы сын Іван спачатку партызаніў, а пасля вызвалення родных мясцін узяў у рукі аўтамат і ўліўся ў армейскія рады. У сакавіку 45-га на нямецкай зямлі быў цяжка паранены i зараз яшчэ носіць асколак ля сэрца. Жыве Іван Іванавіч у горадзе Узда, доўгі час працаваў дырэктарам лясгаса, цяпер на пенсіі.

Дарэчы, вёска Орсічы была вызвалена ад фашыстаў першай у нашым раёне. Прама на двары Нікіткаў стаяла «Кацюша», пасылаючы залпы наўздагон ворагу.

 

3 бацькам добра вы пражылі,

Пецярых паднялі,

Павывучвалі сыноў,

I дачок аддалі...

 

Так. Не ведала спачыну маці, шмат перарабілі яе натруджаныя рукі. Пецярых сваіх гадавала, ды яшчэ дваіх хлапчукоў загінуўшай сястры. Але жыццёвыя нястачы не пахіснулі сямейнага ўкладу Нікіткаў. Наадварот, умацавалі павагу адзін да аднаго, расшырылі межы чуласці і дабраты. Сумленныя, працавітыя выраслі дзеці - Паліна і Вольга жывуць тут жа, у Орсічах. Як і астатнія браты, па шляху бацькі пайшоу Міхаіл - працуе ён у Макаравіцкім лясніцтве.

 

Дзень вяселля

залатога

Справілі вы з

бацькам.

Пажаданняў шмат

было

Год, здароўя,

шчасця.

3 Мінска нават, з

міністэрства

Было прывітанне,

Бо ляснік быў добры бацька -

Вось i шанаванне.

 

Залатое вяселле правілі яны ў 1970-м. Віншавальную тэлеграму Івану Лук’янавічу i Ульяне Лаўрэнаўне прыслаў міністр лясной гаспадаркі БССР С. Ц. Майсеенка.

 

Дзесяць год ужо

мінула,

Як схавалі бацьку.

Пасля гэтага

няшчасця

Шмат хварэла маці...

 

Мікалай Іванавіч жыве з сям’ёй і маці ў тым жа бацькоўскім доме. Моцная яшчэ, дыхтоўная хаціна, парадак ва ўсім і ўсюды.

 

Меншы я, а ў

Беларусі

Бацькоў даглядзеці

Давяраюць з даўніх пор

Меншаму ўсе дзеці.

 

I давер гэты сын апраўдвае спаўна. Вялікай павагай і ўвагай карыстаецца тут Ульяна Лаўрэнаўна, усе абавязкова на Вы.

3 жонкай Кацярынай Данілаўнай Мікалай Іванавіч жывуць душа ў ду¬шу. Чакала некалі чарнавокая дзяўчына яго з арміі, пакінула работу і прапіску ў Гомелі і прыехала з Мікалаем у Орсічы, куды нават дабрацца тады па непралазнай гразі было ой як цяжка. Самі цвёрда сталі на ногі, трох дачок гадуюць. Ірына - студэнтка Гомельскага ўніверсітэта. Настаўніцай марыць стаць, Наташа i Валя - школьніцы. Усяго ж ва Ульяны Лаўрэнаўны 16 унукаў i 18 праўнукаў. Любяць яны сваю бабу¬лю, наведваюць часта.

Мікалай Іванавіч i на вытворчасці чалавек, як кажуць, незаменны, i до¬ма - гаспадар сапраўдны. Вось ён лiха падрульвае з сенакосу на выдатным трактары, вырабленым сваімі рукамі. Вось дэманструе водаправод уласнай канструкцыі. Змайстраваў таксама вельмі высокапрадукцыйнае прыстасаванне па выцісканню з пладоў со¬ку... Цікаўны, дапытлівы чалавек. Чытае шмат. Нядаўна вось «Но¬вую зямлю» перачытваў, захапляўся ў каторы раз. Многа газет і часопісаў выпісвае. Характар - матчын: жывы, непаседлівы i адначасова памяркоўны i добры.

 

Усё бягом — табе ўсё трэба,

Куры, парасяты.

I ніколі не сядзіш

Без справы каля хаты...

 

 

Сапраўды, за плячыма дзевяноста, а не сядзіцца. I тое трэба, і гэта… Колькі падала, косці ламала, а ўсё не супакойваецца бабуля Ульяна. Хіба што суседкі прыйдуць, гамонкай забавяць.

…Дарога ўсё больш аддаляе ад прыгожай, ахінутай лясамі вёскі. Толькі некалькі гадоў назад сюды пачаў хадзіць аўтобус. А раней? Колькі на табе, дарога, людскіх слядоў! Колькі разоў спяшалася па табе беларуская маці Ульяна з клункам за плячыма. То да сына ў партызанскі атрад, то дамоў, несучы штосьці дзеткам, то на работу... У «вялікі» свет за доўгія гады жыцця яна амаль не выбіралася, хіба што да пляменніка, якога калісьці гадавала, у Вільнюс з’ездзіла, ды ў Бабруйск зрэдку наведвалася… Па гэтай дарозе кіраваліся ў свет яе дзеці, гэтая дарога стала роднай для яе ўнукаў i праўнукаў. Так што твае сляды, маці, на гэтай дарозе вечныя і іх нішто не сатрэ!

 

Год да ста пражыць жадаем

Роднае матулі.

Ціха, мірна каб было,

Не свісталі кулі.

Каб здароваю была,

Не трэба хварэці.

Вось табе чаго

жадаем -

Унукі твае, дзеці,

Няхай жа збудуцца словы ўдзячнага сына!

 

 

1 3

 

А. УДОДАЎ.

НА ЗДЫМКУ: Ульяна Лаўрэнаўна Нікітка з малодшай унучкай Валяй.

Фота аўтара.

“Трыбуна працы”, №103 ад 28.08.89

 

Але самыя цёплыя і ўдзячныя словы адрасаваў ён каханай жонцы. I калі рэспубліканская "Народная газета" аб'явіла конкурс "Шлюбны пярсцёнак", не мог Мікалай Іванавіч у ім не паўдзельнічаць. Дарэчы, ён жа стаў адным з пераможцаў гэтага конкурсу і ў падарунак атрымаў падпіску на любімую газету. Вось гісторыя Мікалая Іванавіча.

 

А кірпаносую прапусціў без даклада

Пасля заканчэння школы я паступіў у Буда-Кашалёўскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. У першы год вучобы на трэцім паскораным курсе дырэктар тэхнікума Леанід Мікалаевіч Вайтовіч усіх высокіх, дужых хлопцаў (а менавіта такія і вучыліся на паскораным курсе пасля заканчэння сярэдніх школ) агітаваў, i даволі паспяхова, у добраахвотную народную дружыну. Вучыўся я добра, ростам Бог не пакрыўдзіў, а таму, натуральна, уліўся ў рады дружыннікаў.

I вось мы, маладыя дружыннікі, з павязкамі на руках, нясём дзяжурства ў будынку тэхнікума. Па суботах тут былі вечары - спачатку які-небудзь даклад ці лекцыя, а потым танцы ў спартзале на першым паверсе. I трэба сказаць , гэта былі танцы ў поўным сэнсе гэтага слова: i вальсы, і полькі, i танга, і ўжо даўно забытыя факстроты...

На гэтыя вечары збягалася ўся моладзь з Буда-Кашалёва і навакольных вёсак. А была такая ўстаноўка: хто з'явіўся на лекцыю ці даклад, той і ўдзельнічае ў танцах. Хто ж не паспеў, на танцы мог не разлічваць - дружыннікі стаялі, як цэрберы на браме, нікога не прапускалі ў будынак тэхнікума.

I вось адзін з дружыннікаў, а гэта быў я, выйшаў на прыступкі ганка. Недалёка стаяла зграйка дзяўчат, вырашаючы, як праслізнуць на танцы. Сярод іх - асмуглая, кірпаносая, прыгожая дзяўчынка ў белай сукеначцы і з туфлікамі (як цяпер памятаю, беленькімі) пад мышкай...

Многія кажуць пра каханне з першага позірку. Сапраўды, у гэтым вызначэнні ёсць велізарная доля праўды. 3 першага позірку гэтая дзяўчына стала для мяне самай-самай. Здарылася гэта ўвосень 1963 года, нам яшчэ не было i па 18 гадоў. Натуральна, дзякуючы майму дзяжурству дзяўчаты трапілі на танцы. 3 тых часоў амаль тры гады - увесь час вучобы ў тэхнікуме - мы з Кацюшай сябравалі і ўвесь час былі разам. Але адразу ж пасля яго заканчэння мяне прызвалі ў войска, i мы нават не змаглі развітацца. Служыў я ў Брэсце, потым у Чэхаславакіі. I ў першым маім лісце да Кацюшы былі словы: "Дачакаешся - крыўдзіцца не будзеш".

Доўгіх два з паловай гады лёс выпрабоўваў нас разлукай. 3 нецярпеннем я чакаў лістоў ад Кацюшы. Успамінаю адін з іх: "Часам я бываю ў тэхнікуме i адразу ж бягу на другі паверх будынка, у фае, дзе фатаграфіі студэнтаў на дошцы пашаны, i гляджу доўга-доўга на тваю". Ужо больш года, як я скончыў тэхнікум, а фатаграфія цешыла яе вочы.

Дзесьці праз год пасля пачатку службы я стаў атрымліваць весткі з Гомеля, дзе яна пачала працаваць вышывальшчыцай у атэлье. Трэба сказаць, i гэта не выхваленне, такога гафту, арнаментаў, кветак, такіх пацерак, як на яе тварэннях, яшчэ трэба было пашукаць.

Дэмабілізаваўся я перад Новым 1969 годам. Прыехаўшы дадому, адразу ж панёсся ў Гомель. Для яе гэта было як гром сярод яснага неба. Ды я i сам не думаў, што могуць адпусціць у такую пару з Чэхаславакіі.

Так пачаліся мае штотыднёвыя паездкі ў Гомель па выхадных. А 2 жніўня 1969 года мы пажаніліся. 3 часу нашага знаёмства прайшло болей пяці з паловай гадоў. Нарэшце мы разам.

Мае бацькі ўжо былі пажылымі: бацьку - 78, маці - 70 гадоў. Як самаму малодшаму ў сям'і, мне трэба было жыць з імі, дагледзець іх старасць. Яшчэ да жаніцьбы я казаў Кацюшы: "Пакуль жывыя мае бацькі, будзем жыць у вёсцы, а потым - куды скажаш, туды і паедзем". I яна пакінула цудоўны горад Гомель і прыехала ў вёску.

У 1970 годзе нарадзілася наша старэйшанькая Ірына, у 1975-м - сярэдняя Наталля і ў 1980-м - малодшанькая Валянціна. Старэйшая і сярэдняя дочкі скончылі Гомельскі ўніверсітэт, а малодшая - Бабруйскае медвучылішча. Старэйшыя ўжо маюць свае сем'і, у нас чацвёра цудоўных унукаў.

Мы з Кацюшай дагледзелі маіх бацькоў. Бацька пражыў 88 гадоў, маці 94 гады. А пасля смерці Кацінага бацькі забралі да сябе ў вёску яе маці, маю цешчу Праскоўю Клімаўну, бабулю Пашу, як мы ўсё яе завём. Дарэчы, у дзень юбілею нашага сумеснага жыцця - 2 жніўня - ёй спаўняецца 96 гадоў. Праўнукі выдатна ведаюць дарогу ў спальню прабабулі, дзе для кожнага прызапашаны ласунак. Усякі прыезд унукаў і праўнукаў пачынаецца з прывітання з бабуляй, як і развітанне перад ад'ездам.

Я да 1982 года працаваў загадчыкам рамонтнай майстэрні саўгаса імя Ленінскага камсамола, з 1982 года - механікам Бабруйскага леспрамгаса.

Усё жыццё Кацюша працавала ў швейным цэху Бабруйскага райбыткамбіната - і вышывальшчыцай, і швачкай. Мае медаль "Ветэран працы". Цяпер на заслужаным адпачынку. Пасля адыходу з жыцця маіх бацькоў, я ўспомніў свае прадвясельныя словы і сказаў ёй: "Я табе абяцаў - дагледзім старых маіх і камандуй, паедзем куды скажаш". "Не, даражэнькі, тут прайшла большая частка майго жыцця і нікуды мы адсюль не паедзем", - адказала жонка.

Мы заўсёды трымалі звычайную па сельскіх мерках гаспадарку - па дзве каровы, цёлкі, бычкі, свінні, разнастайныя птушкі.

3 маладых гадоў увесь час на розных гулянках, сямейных урачыстасцях гучала мая любімая песня "Ох, непрыемнасць", якая стала знакам, спадарожніцай нашага жыцця. 3 кожным годам яна змянялася, прырастала і зусім змянілася, ды прабачыць мяне аўтар. Вось толькі некалькі радкоў з новага варыянту:

 

Закурю-ка, что ли, папиросу я.

Никогда я, братцы, не курил.

Полюбил я девушку курносую

И, видать, не напрасно полюбил.

Ох, как приятно.

Много лет промчалось уже с той поры

И троих растим мы дочерей.

Только вспомню юную, курносую,

Сразу сердцу дышится вольней.

Ох, как приятно...

 

М.Нікітка, Бабруйскі раён, в.Ворсічы

"Народная газета", №161 ад 3.08.2004 г.

 

 

Калі жонка Кацярына Данілаўна адзначала які-небудзь юбілей, Мікалай Іванавіч абавязкова звяртаўся ў рэдакцыю, каб праз газету яе павіншаваць.1 4

“Трыбуна працы” ад 13.01.1996г.

 

 

 

1 5“Народная газета, №16 ад 20.01.2001г.

 

 

Як ужо адзначалася, збірае Мікалай Іванавіч цікавыя гісторыі з жыцця сяльчан. Так, да яго 65-гадовага юбілею дзеці зрабілі бацьку падарунак – выдалі кнігу гумарэсак “Гэта вам не жартачкі”.1 6

Вось некаторыя з гумарэсак.

 

 

ПЕРАБЛЫТАЛА

Зімовы вечар. На дварэ сцюжа, мароз аж трашчыць, але ў дамах палаюць дровы ў печах, грубках, жытло грэецца. Каб i бульба не замерзла ў стопцы, кожны вечар, а то і разы са два на дзень, гаспадары і там цяпло падтрымліваюць: хто печкі-буржуйкі прагравае, а ў каго іх няма - нясуць вуголле ў вёдрах, ставяць іх сярод бульбы - вось там i цёпла. Прагарыць вуголле, абсядзе, пакрыецца зверху сізым попелам, а знутры яшчэ доўга жар трымае. Прынясуць вядро ў хату, наверх кавянёй свежага вуголля накідаюць ды зноў у стопку.

Прынёс адзін гаспадар такое вядро ў хату, паставіў яго каля печы, а сам сеў каля тэлевізара, чакае, пакуль добра прагараць дровы ў грубцы i жар можна выбіраць у вядро. Побач жонка, дзве дачкі-старшакласніцы.

Праз нейкі час жонцы на двор па "малой" патрэбе захацелася. А гэта ж не ў горадзе, дзе ўсё побач. Апранацца, бегчы за хлеў у траскучы мароз не вельмі прыемна, вось i пабегла яна "на вядро".

I раптам усю хату скалануў жудасны крык, енк. Рыгор выскачыў за жонкай і аслупянеў: з вядра з вуголлем ішоў пар, а жонка стаяла не ў зусім прывычнай позе i плакала ад болю. Пераблытала вядро, вось i ашпарыла тое месца, адкуль дзеткі на свет з'яўляюцца! 

Доўга прысыпкамі ды прымочкамі загойвала жонка раны. Затое потым ужо ніколі вядро не пераблытвала!

 

 

АБНАВІЛІ!

Чужая лазня добрая, а свая, канечне ж, лепшая. Вось надумаўся я і зрабіў дома сваю лазню. І сцены, i памост, i столь - усе атрымалася, на мой погляд, добра. Вось толькі дзверы сам не змог зрабіць. Папрасіў вясковага майстра Іллю Некрашэвіча. Той прыйшоў гадзіны са тры, шапку заклініў, дзверы навесіў - і ўся справа, вядома, майстар!   

- Можаце мыцца, хлопцы, - кажа.

А ў печцы даўно ўжо гарэла. Мой пляменнік Вова Роскач яшчэ невялікі быў (зараз палкоўнік Расійскай Арміі), накідаў на жар смецця: агонь тлее, а не гарыць. Ілля параду дае:

- А ты кінь запалку, толькі сам збоку стань.       

Той так і зрабіў, усё роўна не гарыць.      

- Бензіну падлей!     

Прынёс, падліў - зноў ніяк!

- А ты запалку яшчэ адну кінь.

Кінуў - ну i гахнула ж! Бедны Ілля, уцякаўшы з перапуду, разбіў лоб аб вушак, Вову з прылазніка выкінула, а сабачую будку каціла метраў дваццаць, бедны сабака куляўся ў ёй, бы галушка.      

Ачунялі, прыбеглі глядзець: адны палавінкі з цэглы, печ разнесла па усей лазні. Вось i абнавілі лазню!

Неаднойчы Мікалай Іванавіч быў удзельнікам і пераможцам розных творчых конкурсаў, праводзімых у СМІ.

 

 

“Трыбуна працы”, №28 ад 08.04.2000г.

 

1 7

 

 

 

 

“Трыбуна працы”, №53 ад 08.07.2000г.

1 8

 

 

 

Як ужо адзначалася, Мікалай Іванавіч на працягу многіх гадоў з’яўляецца старастай вёскі Ворсічы. Чалавек неабыякавы да сваёй малой Радзімы, ён часта арганізоўвае суботнікі па ўборцы тэрыторый, каб кожны яе куточак маў прывабны выгляд. Дарэчы, і сам ён – актыўны ўдзельнік такіх суботнікаў.1 9

 

Менавіта Мікалай Іванавіч з'яўляецца ініцыятарам правядзення святаў вёскі. Вельмі добрае такое свята адбылося з нагоды 450-годдзя з часу першага ўпамінання Ворсіч у афіцыйных дакументах.

 

1 9 1

 

Памятны камень, які ўстанавіў каля свайго дома Мікалай Іванавіч

 

Гэта слаўная падзея адбылася ў цудоўны майскі дзень, дваццаць другога, калі адзначаецца Міколаў дзень - пачатак сапраўднага працоўнага сялянскага лета.

З сардэчнай цеплынёй павіншаваў вяскоўцаў з гэтым слаўным юбілеем старшыня Брожского сельскага Савета Грынёў В.С., адкрываючы святочнае мерапрыемства. Віктар Севярынавіч таксама прапанаваў абраць старасту вёскі, пры садзейнічанні якога можна будзе вырашыць любое пытанне. Усе вяскоўцы аднадушна прагаласавалі за Мікалая Іванавіча Нікітка, чалавека дзейнага, энергічнага, неабыякавага да чужых праблем, чалавека, які горача кахае сваю малую радзіму.

 

1 9 2

Мікалай Іванавіч сабраў цэлую калекцыю прадметаў старыны, што беражліва захоўваюць жыхары Ворсіч. Была аформлена выстава, якая выклікала цікавасць у многіх гасцей свята.

 

1 9 3

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

1 9 4

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

1 9 4

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Бібліятэкар да свята аформіла выставу творчых работ карыстальнікаў

А потым жыхары Ворсіч і госці разам з вядучымі пагарталі старонкі гісторыі вёскі, якая назапасіла за столькі гадоў шмат самых розных падзей - ад радасных да сумных. Пайменна ўспомнілі тых, хто аддаў сваё жыццё, абараняючы волю і незалежнасць нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, парадаваліся за тых, хто выжыў у гады ваеннага ліхалецця і вярнуўся дахаты пераможцам. Асаблівы акцэнт быў зроблены яшчэ на адной вайне - афганскай, якая працягвалася дзесяць гадоў і пакінула ў жыцці жыхароў вёскі свой чорны след: загінуў у чужым краі іх аднавясковец Нікітка Анатоль Сцяпанавіч. Хвілінай маўчання ўспомнілі тых, хто не вярнуўся дахаты.

Не абышлі ўвагай на свяце і тых, хто сваёй доблеснай працай прынёс славу вёсцы. Тон працоўным традыцыям задавалі І.І.Нікітка, В.П.Рудзько, Т.Я.Верас, чые працоўныя подзвігі адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Словы глыбокай пашаны прагучалі ў адрас сямейных дынастый, самая шматлікая з якіх належыць сям'і Івана Лук'янавіча і Ульяны Лаўрэнаўны Нікіткаў (гэта бацькі Мікалая Іванавіча. Дарэчы, Нікітка - самае шматлікае прозвішча ў вёсцы), мужчынская палова якой прысвяціла сябе працы ў лясной гаспадарцы. Даніну павагі аддалі працоўным дынастыям педагогаў і медработнікаў. Пайменна назвалі тых, хто сваім працоўным подзвігам уславіў ворсіцкую зямлю далёка за яе межамі.

На свяце былі падведзены вынікі агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі. Дыплом 1-й ступені і каштоўны падарунак прысуджаны менавіта падворку Мікалая Іванавіча і Кацярыны Данілаўны.

 

1 9 5

 

Напрыканцы мерапрыемства рэдактар раённай газеты «Трыбуна працы» А.А.Бегуновіч уручыла Мікалаю Іванавічу кнігу аб Магілёўскай вобласці ў знак удзячнасці за супрацоўніцтва з рэдакцыяй.1 9 6

 

Мікалай Іванавіч – цудоўны расказчык. Часта бібіліятэкар запрашае яго на краязнаўчыя ўрокі, гадзіны, якія вельмі падабаюцца дзецям. Так і нядаўна зноў мы сустракаліся з Мікалаем Іванавічам Нікітка пад час правядзення краязнаўчага ўрока-знаёмства “Мікалай Нікітка: гэты лясны край мне мілы і дарагі”, дзе ён вельмі цікава і змястоўна расказаў гісторыю пасёлка Рэдкі Рог.

1 9 7

 

1 9 8

 

Спадзяюся, што вас таксама зацікавіў гэты цудоўны чалавек. Калі так, то прыязджайце ў вёску Ворсічы, у дом нумар 88, дзе пражывае гэтае дружнае сямейства на чале з Мікалаем Іванавічам Нікітка!